У сельскай бібліятэцы адбылася сустрэча вучняў Пескаўскага дзіцячага сада–сярэдняй школы з воінам-інтэрнацыяналістам Мікалаем Юр’евічам Малчанавым, падпалкоўнікам запасу.
Мікалай Юр’евіч расказаў падлеткам, што ў 1986 годзе ён скончыў Ульянаўскае ваенна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці «забеспячэнне гаручым і ракетным палівам», быў накіраваны для праходжання службы ў Туркестанскую ваенную акругу. Трапіў у асобны афіцэрскі батальён, дзе рыхтавалі спецыялістаў для папаўнення баявых страт у Афганістане. Праз пяць месяцаў падрыхтоўкі ён, малады афіцэр, быў ужо ў краіне «страляючых гор». На жаль, на камандзірскай пасадзе прыйшлося замяніць свайго таварыша, з якім чатыры гады вучыўся ў ваенным вучылішчы. Прыняў камандаванне ўзводам, у задачы якога ўваходзіла ахова, абарона і забеспячэнне перапампоўкі гаручага на ўчастку нафтаправода даўжынёй у дваццаць кіламетраў ад аднаго блок-паста да другога, паблізу базы Пулі-Хумры. У суткі для забеспячэння войскаў трэба было некалькі тысяч тон гаручага, і любая затрымка цягнула за сабой невыкананне баявой задачы авіяпалком або танкавым батальёнам. Зразумела, што ў душманаў мэтай было знішчыць, падарваць трубаправод або калону з гаручым, таму адбіваць напады маджахедаў даводзілася вельмі часта. І толькі згуртаванасць асабістага складу падраздзялення, бясцэнны баявы вопыт, умелыя і граматныя дзеянні камандзіра дазвалялі спраўляцца з пастаўленай задачай.
Асноўнай сваёй заслугай падчас службы ў Афганістане Мікалай Юр’евіч лічыць той факт, што падчас баявых аперацый ён, як камандзір, не дапусціў гібелі салдат і можа без страху глядзець у вочы маці, якія дачакаліся сваіх сыноў дадому жывымі.
Падпалкоўнік запасу Мікалай Юр’евіч Малчанаў узнагароджаны знакам ЦК ВЛКСМ за ўзорнае выкананне баявых задач і праяўленыя пры гэтым адвагу і самаадданасць. Пра многае могуць распавесці і медаль «За баявыя заслугі», і ордэн Чырвонай Зоркі – сведкі нялёгкіх ваенных будняў баявога афіцэра. Пасля двух гадоў службы ў Афганістане на Радзіме Мікалая Юр’евіча чакала новая цяжкая задача: у складзе аператыўнай групы па Магілёўскай вобласці ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І зноў на дапамогу прыходзілі высокая самадысцыпліна і вернасць абавязку. Сканчаў сваю службу Мікалай Юр’евіч у Мастах намеснікам камандзіра вайсковай часці. Цяпер яго часта запрашаюць на сустрэчы з прызыўнікамі і школьнікамі, дзе ён распавядае пра абавязак, прысягу, вернасць Радзіме і адданасць той зямлі, якая ўзгадавала.
Мікалай Юр’евіч сказаў дзецям, што кожны хлопчык, падлетак, юнак павінен штодня рыхтаваць сябе да таго, што ён будзе служыць у арміі, а значыць, абараняць Радзіму, што сёння служба патрабуе ведаў, добрай фізічнай падрыхтоўкі, псіхалагічнай вытрымкі, прафесійных навыкаў, што армія вучыць не ваяваць, а абараняць, у гэтым і заключаецца яе сіла.
Кажуць, час лечыць, але боль Афганістана не заціхне ніколі. Кожны, хто прайшоў праз гэтую вайну, стаў часткай Афганістана, а Афганістан – часткай кожнага салдата. Чалавечая памяць беражэ і захоўвае тое, чаго ўжо няма, што даўно прайшло. Так было, так будзе заўсёды. У нашых сэрцах захаваецца памяць пра тых, хто змагаўся, не задумваючыся, у імя воінскага абавязку. Пра тых, хто мог бы выратавацца, але прыняў рашэнне не пакідаць палаючага самалёта, прыкрываючы дэсант, хто імкнуўся пад абстрэлам забраць параненага таварыша. Яны беспярэчна выконвалі загад, але на подзвіг у іх загаду не было. Афганістан – гэта вечны боль, гэта непраходзячы цяжар на сэрцы, гэта памяць, якую мы павінны пранесці скрозь гады. Мы абяцаем памятаць гістарычныя і гераічныя ўрокі. Мы абяцаем памятаць жывых і загінуўшых. У нашай краіне ніхто не забыты. Героі нашай зямлі ва ўсе часы былі і застануцца ў памяці народнай.
Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 9-га класа.
Мастоўскі раён.
Пескаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа.