Увекавечана памяць воіна-інтэрнацыяналіста

Из нашей почты Новости

12 лютага ў Макранскім дзіцячым садзе–сярэдняй школе адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі воіну-афганцу Пятру Міхайлавічу Стральцову.

Пётр Стральцоў нарадзіўся ў вёсцы Малінаўка Быхаўскага раёна. Скончыў Макранскую школу ў 1982 годзе, пасля заканчэння школы вывучыўся на электрыка. У верасні гэтага ж года прызваны ў рады Узброеных Сіл СССР. У студзені 1983 года накіраваны ў Афганістан. 27 жніўня гэтага ж года Пётр загінуў у час засады, прыкрываючы агнём таварышаў. У час бою быў паранены. І загінуў. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».

Пётр Стральцоў, як і ўсе савецкія хлопчыкі, рос на прыкладзе салдат Вялікай Айчыннай вайны, глядзеў фільмы пра Вялікую Айчынную вайну, чытаў кнігі, газеты, часопісы, слухаў жывых сведкаў вайны – і марыў аб подзвігах. Ды ніхто і падумаць не мог, што ён, просты вясковы хлопец, геройскі загіне на чужыне…

На адкрыццё мемарыяльнай дошкі сабраліся прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, родныя, блізкія, сябры Пятра Стральцова, аднавяскоўцы, вучні, педагогі, работнікі Макранскага дзіцячага сада–сярэдняй школы.

Прывітальнае слова сказаў Дзмітрый Васільевіч Марціновіч, старшыня Быхаўскага раённага выканаўчага камітэта. Аднакласнік Пятра Міхайлавіча Стральцова Анатолій Аляксеевіч Воранаў расказаў, што яго таварыш быў вельмі шчырым чалавекам, які ніколі не астаўляў у бядзе, заўсёды падстаўляў сваё сяброўскае плячо. Сястра Людміла Міхайлаўна Лявонава ад усяго сэрца падзякавала ўсім за адкрыццё дошкі, пажадала мірнага неба. Міхаіл Міхайлавіч Корза, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў у Афганістане, адзначыў, што памятная сустрэча запомніцца, што на мерапрыемства прыехала больш паловы воінаў-афганцаў Магілёўскай вобласці, што афганскае брацтва моцнае, яно ніколі не забывае і не забудзе сваіх таварышаў.

У памяць пра тых, хто загінуў на афганскай зямлі, хто з чэсцю выканаў свой грамадзянскі доўг, прагучала хвіліна маўчання. Для гасцей мерапрыемства, родных і блізкіх Пятра Стральцова вучні школы правялі экскурсію ў краязнаўчым музеі.

У час адкрыцця мемарыяльнай дошкі маці Пятра Стральцова Валянціна Апанасаўна Стральцова не змагла прысутнічаць. Прайшло амаль 40 год з таго часу, як загінуў Пётр, а мацярынскае сэрца ніколі не зможа згадзіцца з такой вялікай стратай!

Вялікая роля ў адкрыцці мемарыяльнай дошкі Пятру Стральцову належыць дырэктару Сяргею Анатольевічу Лазараву, настаўніку гісторыі Сяргею Пятровічу Кулаеву, кіраўніку па ваенна-патрыятычнаму выхаванню Юрыю Анатольевічу Беразоўскаму, метадысту Быхаўскага аддзела па адукацыі Аляксандру Цімафеевічу Осіпаву, Быхаўскай раённай арганізацыі ветэранаў у Афганістане, Быхаўскай рённай арганізацыі ветэранаў і яго старшыні Міхаілу Зосімавічу Казлову, Быхаўскай раённай арганізацыі «Белая Русь».

Кожны год у нашым вучэбна-педагагічным комплексе ладзяцца самыя розныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. А цяпер, у Год гістарычнай памяці, у нас адкрыта мемарыяльная дошка выпускніку нашай школы Пятру Міхайлавічу Стральцову, які геройскі загінуў у Афганістане. І мы ганарымся гэтым! У Быхаўскім раёне ўвекавечана памяць яшчэ аднаго земляка – воіна-афганца!

Алена Уладзіміраўна ЦЫВІЛЬКА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Быхаўскі раён,

Макранскі дзіцячы сад–сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *