У анлайн-фармаце на Дзятлаўшчыне прайшоў ХІХ пленум раённага савета ГА «БРПА» «Мы – адзінае цэлае», прымеркаваны да Дня юнага героя-антыфашыста і Года гістарычнай памяці.
На сувязь з прадстаўнікамі 13 піянерскіх дружын раёна са студыі, якая знаходзілася ў Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выйшлі старшыня раённай піянерскай арганізацыі Ірына Анатольеўна Мішчанка, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Рыгораўна Абрамчык, ветэран піянерскага і камсамольскага руху Надзея Філімонаўна Канявега.
Пра тое, што гістарычныя падзеі – гэта сур’ёзныя ўрокі мінулага, дзецям нагадала Алена Рыгораўна Абрамчык:
– Сёлета наш раён адзначыць дзве трагічныя даты. 22 лютага спаўняецца 80-гадоў утварэння яўрэйскага гета ў Дзятлаве. У гады Вялікай Айчыннай вайны яно знаходзілася ў цэнтры горада і служыла часовым прыстанішчам для жыхароў мястэчка яўрэйскай нацыянальнасці. Двойчы праходзілі карныя аперацыі: у красавіку 1942 года адбыўся расстрэл у Курпешскім лясным масіве, у кастрычніку – на старых яўрэйскіх могілках. Выратаваліся і хаваліся ў лясах Ліпічанскай пушчы каля 500 яўрэяў. Другая сумная дата – 80-годдзе спальвання фашыстамі 6 вёсак раёна, якія паўтарылі лёс Хатыні. Генацыд або знішчае аднаго народа другім, на жаль, з’ява не новая. У гады ваеннага ліхалецця яго перажылі і беларусы. Каб падобных трагедый не паўтарылася, мы павінны пра іх ведаць, не здарма 2022 год у нашай краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.
Анлайн-панараму аб удзеле ў раённым тэматычным дыстанцыйным тыдні «Ведаю! Памятаю! Ганаруся!» да Дня юнага героя-антыфашыста, прадставілі піянеры дружыны імя М. Валькова Казлоўшчынскай школы. Навучэнец 8-га класа Гезгалаўскай школы Багдан Маліноўскі расказаў аб Рэспубліканскім праекце «ProMedia», скіраваным на засваенне інфармацыйнай культуры і бяспекі, стварэнне і папулярызацыю ўласнага блога. Багдан паспяхова справіўся з заданнямі праекта, але, на жаль, не ўвайшоў у тройку лідараў.
Практычная частка пасяджэння – анлайн-КВІЗ «Юныя героі ў нашай памяці жывуць» – уключала ў сябе болок заданняў для каманд піянерскіх дружын. Удзельнікі адказалі на пытанні, узгадалі імёны юнях герояў-антыфашыстаў, іх подзвігі і баявыя заслугі. Прыемным момантам пленума стала ўручэнне ўзнагарод лепшым піянерскім дружынам Дзятлаўшчыны і піянерам-лідарам.
Вынікі анлайн-форуму падвяла ветэран моладзевага руху Надзея Філімонаўна Канявега.
– Мінулы год, быў Годам народнага адзінства, сёлетні – Год гістарычнай памяці, што вельмі сімвалічна, бо калі мы адзіныя, то можам упэўнена ствараць нашу шчаслівую будучыню, а ўрокі мінулага дапамогуць пазбегнуць памылак на гэтым шляху. Карысныя справы падрастаючага пакалення: уборка помнікаў, сустрэчы пакаленняў, дыялогавыя пляцоўкі, падтрымка пажылых людзей і іншае – гэта важкі ўклад моладзі ў агульную справу беларусаў. Няхай у добрых памкненнях вам спадарожнічаюць поспех, крэатыў і моцнае сяброўства, а мы, дарослыя, заўсёды будзем побач.
Ірына Леанідаўна СТЫРНІК.
г. Дзятлава, РЦДАДМ.