Духоўна-маральнае і сямейнае выхаванне моладзі – гэта абавязак і клопат старэйшага пакалення: бацькоў, настаўнікаў. І не толькі. Вялікую ролю ў станаўленні асобы падлетка, у развіцці ў ім высокамаральных якасцей іграе хрысціянства. У нашай мясцовасці – праваслаўе. Усе дзеці ў школе спаведуюць праваслаўную рэлігію. Яны ходзяць на службу ў царкву, а таксама маюць магчымасць для частых сустрэч і ў сценах школы з айцом Мікалаем – іерэем Дзярэчынскай Спаса-Прэабражэнскай царквы.
Вучні 5–11-х класаў Мілявіцкага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад–сярэдняя школа сабраліся на важную сустрэчу з айцом Мікалаем. Для размовы была абрана тэма «Мой дом, мая сям’я».
Айцец Мікалай расказаў спачатку пра сваю сям’ю, затым пацікавіўся, як жывуць дзеці. Паступова наладжваўся дыялог-разважанне. Асабліва адгукнуліся на яго старшакласнікі. Які ўзрост самы прымальны для ўтварэння сям’і? На чым трымаецца сям’я? Як ствараліся сем’і раней і цяпер? Як трэба адносіцца да грамадзянскага шлюбу? Ці збіраюцца дзеці капіраваць адносіны бацькоў у сваёй сям’і?
Самыя розныя меркаванні пачулі мы ад вучняў. Айцец Мікалай стараўся накіраваць іх думкі ў правільнае рэчышча. Ён цытаваў Біблію, спасылаўся на навуковыя дадзеныя.
Вядома, тэма сям’і пастаянна гучыць у час выхаваўчых мерапрыемстваў; на уроках літаратуры, грамадазнаўства і іншых уроках таксама абмяркоўваюцца сямейныя стасункі, адценні адносін і эмоцый. Але аўтарытэтнае хрысціянскае слова царкоўнаслужыцеля мела бясспрэчную перавагу над свецкім словам.
Напрыканцы сустрэчы мы звярнуліся да дошкі і абмеркавалі прапанаваныя народныя назіранні, парады, пагаворкі пра сям’ю.
Так хочацца, каб для ўсіх людзей, як і для нас, слова «сям’я» асацыіравалася са шчасцем і гармоніяй, узаемапавагай і ахвярнасцю, клопатам і працавітасцю, цеплынёй і надзейнасцю, сціпласцю і прыгажосцю.
Вера Уладзіміраўна ПАШКЕВІЧ,
настаўнік.
Мастоўскі раён,
Мілявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа, 11-ы клас.