Традыцыйным стала адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы.ў сярэдняй школе № 5 г. Ліды. Дэвізам дня выбралі словы «Рускай мове дай разгрузку: размаўляй па-беларуску».
На працягу дня праходзілі разнастайныя мерапрыемствы. Так вучні пачатковых класаў прымалі ўдзел у конкурсах, віктарынах, дзе змаглі пашырыць свае веды пра родную мову. Для іх быў арганізаваны паказ мультфільмаў на беларускай мове «Каму чорт дзетак калыша», «Як Несцерка харчы прадаваў», «Чаго на свеце не здараецца».
У нашай школе ўжо некалькі гадоў дзейнічае лялечны тэатр – батлейка. Творчай групай быў паказаны спектакль па матывах беларускай народнай казкі «Воўк, Змітрок, кабыла і баран». Такія спектаклі вельмі падабаюцца малодшым школьнікам.
Вучні 5–6-х класаў з задавальненнем прынялі ўдзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі «Мова народа – яго святыня», дзе дэкламавалі вершы беларускіх аўтараў, гучалі і песні на словы беларускіх паэтаў.
Інтэрактыўная гульня «Знаўцы беларускай мовы» зацікавіла вучняў 7–8-х класаў. Яны змаглі даведацца шмат новага пра беларускую мову, яе паходжанне і развіццё.
З мэтай папулярызацыі беларускай мовы вучні старэйшых класаў распрацавалі каляровыя лістоўкі «У любімай мове, роднай, наскай, ах, якія словы…».
А закончыўся гэты дзень акцыяй «Пішам дыктоўку разам», дзе вучні і настаўнікі школы змаглі праверыць свае веды па беларускай мове.
Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках свята, садзейнічалі развіццю пазнавальнай актыўнасці вучняў, узбагачалі іх слоўнікавы запас, развівалі творчыя здольнасці, прывівалі любоў да роднага слова.
Хочацца верыць, што прыгажосць беларускага слова яшчэ доўга будзе гучаць у сэрцах нашых дзетак.
Ірына Іосіфаўна ЗЫРАНАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
г. Ліда, школа № 5.