Мова ўзнікла даўным – даўно, сотні тысяч гадоў таму назад. Менавіта з гэтых слоў і пайшоў тэматычны ўступ мерапрыемства да Міжнароднага дня роднай мовы пад назвай «Знаўцы мовы беларускай». На некалькі гадзін бібліятэка ператварылася ў вясковую хацінку з вышытымі абрусамі, ручнікамі ды сурвэткамі. Дзеці сядзелі ў прыгожых народных касцюмах. Грала музыка вясёлая, пацешная.
Удзел прынялі дзьве каманды з лагоднымі назвамі: «Сонейка» ды «Вясёлка». Конкурснае мерапрыемства падзялялася на некалькі прыпынкаў, якія сваёй назвай ўсхвалялі мову беларускую, тым самым ўражвалі дзяцей. Непаўторная, цёплая, дзіўная, прыгожая, багатая, мілагучная… Кожны прыпыначак быў надзеляны інтэлектуальнымі пытаннямі, перакладамі, прыказкамі, прыпеўкамі, вершаванымі творамі. Дзеці старанна выконвалі ўсе заданні, дакладна адказвалі на пытанні. Менавіта ў гэтым і азначаліся веды аб вобразнай, вольнай мове беларускай, аб слове непаўторным, гаваркім. Невялічкім дзівосным сюрпрызам для дзяцей стала тое, што на мерапрыемства завітаў дзед Барадзед, які праспяваў сваю добрую песню ды пазагадваў складаныя загадкі. Вось і закончылася свята сустрэчы з роднай мовай. Мы яшчэ раз пераканаліся, якая багатая, цудоўная, непаўторная наша мова. Мы – беларусы павінны ганарыцца сваей роднай мовай, узвышаючы і прыумнажаючы яе хараство культуры, народных звычаяў.
Нібыта калакольчыкі звінелі дзіцячыя галасы ў бібліятэцы, падводзячы вынкі мерапрыемства. І канешне вельмі добра, што адбылася нічыя паміж камандамі, тым самым разагрэла дабрыню душы ды сяброўства без зайздрасці.
Алена Станіславаўна КАСЦЯНКА,
бібліятэкар.
г. Мазыр, дзіцячы дом.