Яны змагаліся за Радзіму

Год исторической памяти Из нашей почты Новости

Вайна не шкадавала ні дарослых, ні дзяцей. На вачах яны мужнелі і станавіліся ў рады барацьбітоў з ненавісным ворагам, які акупіраваў нашу зямлю і сеяў гора і смерць. У падзеях тых гераічных гадоў вылучылася шмат юных герояў.

Побач з дарослымі ў партызанскіх атрадах і падпольных арганізацыях змагаліся і юныя жыхары Мастоўшчыны: Аляксандр Ацьман з Дараглян, Алена Дзямешчык з Мастоў, Васіль Рудзяк з Міжава, Сямён Ануфрык з Малых Азёрак, Васіль Калоша з Курылавіч, Ніна Хомка з Гудзевіч, Федзя Шостка з Раўкоў, Ліда Вашкевіч з Міклашоўцаў, Зіна Буркас з вёскі Струга, Леанард Седзянеўскі з  Навасёлак, Міхаіл Белуш з Руды Ліпічанскай. Вялікую дапамогу партызанам аказвалі камсамольцы, піянеры і школьнікі. Падлеткі дастаўлялі медыкаменты, распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі звесткі аб размяшчэнні нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў, даставалі боепрыпасы, хадзілі ў разведку, наладжвалі сувязі з мясцовымі жыхарамі, даставалі паперу для лістовак і падпольных газет, захоўвалі сцягі.

Вясной 1940 года ў вёсцы Раўкі  быў арганізаваны калгас, вырашылі набыць калгасны сцяг. Неўзабаве пачалася вайна. Кантора знаходзілася недалёка ад дома  Марыі Рыгораўны Шостка. Калі немцы ўварваліся ў вёску, Марыя Рыгораўна разам з сямігадовым сынам Федзем пабеглі да канторы калгаса. З успамінаў Федзі Шостка: “У адным пакоі мы ўбачылі паламаныя крэслы, сталы, у другім – у куце чырвоны скрутак і паперы. Падышоў да іх, падняў, разгарнуў. Гэта быў калгасны сцяг. Дрыжачымі рукамі згарнуў яго, засунуў пад жакетку з левага боку і моцна прыціснуў яго да грудзей. Сцяг зашыў пад падшэўку паліто і захоўваў у  доме”. Калі немцы заходзілі ў хату, Федзя апранаў паліто і ўцякаў пасвіць кароў. Так усе гады акупацыі захоўваў Федзя сцяг, ведаючы, што рызыкуе жыццём. Летам 1944 года савецкая армія вызваліла Гродзеншчыну, і 1 верасня 1944 года дзеці зноў вярнуліся ў школы. Федзя пайшоў у першы клас  Раўкоўскай сямігадовай школы. Калі адзначалі свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, Федзя разам са сваімі таварышамі пабег дадому і прынёс сцяг. Дырэктар школы ўзяў сцяг і сказаў: “Дзякуй, Федзя! Ты сапраўдны піянер!” Па рашэнні Гродзенскага абласнога гісторыка-археалагічнага музея калгасны сцяг, выратаваны Федзем, школа перадала на захоўванне ў музей. Подзвіг Федзі гаворыць аб непарушным выкананні піянерскай клятвы, аб гарачай любові да Радзімы. 

Ішоў 1941 год. У заходніх абласцях Беларусі ствараліся калгасы. Было вырашана набыць калгасу сцяг. З гэтай мэтай у Беласток, які быў тады цэнтрам Гродзенскай вобласці, камандзіравалі дэпутата сельскага савета Ланцэвіча. Калі ён вярнуўся і паказаў сцяг, то высветлілася, што ён піянерскі. Плямянніца   Ланцэвіча Ніна Хомка і іншыя піянеры прасілі аддаць сцяг ім, але калгас вырашыў абмяняць сцяг. Гэтага зрабіць не паспелі. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. На другі дзень вайны немцы ўварваліся ў вёску. Быў забіты дэпутат Ланцэвіч, расстраляны бацька Ніны, які працаваў участковым міліцыянерам. Немцы хадзілі па вёсцы, заходзілі ў кожную хату, шукалі актывістаў, пачаліся вобыскі. У гэты  страшны і небяспечны час пра сцяг успомнілі дзеці. Ніна Хомка, вучаніца 5 класа, якая толькі што бачыла, як фашысты расстралялі яе бацьку, узяла сцяг у жонкі Ланцэвіча і разам з трыма піянеркімі гальштукамі захоўвала  ў сябе дома. Хавала яна ўсё гэта ў бочцы з мукой. А калі скончылася мука, пераклала ў  калыску маленькай сястрычкі. Але вобыскі сталі праводзіцца ўсё часцей. Сцяг прыйшлося схаваць у дымавой трубе. Так усе гады акупацыі, рызыкуючы жыццём, піянерка Ніна Хомка захоўвала гэтую святую рэліквію. 1 верасня 1944 года дзеці вярнуліся ў школы. У вёсцы Гудзевічы, дзе жыла Ніна, была толькі пачатковая школа. Ніна пераехала ў вёску Пабараны Скідзельскага раёна і пайшла ў 6-ы клас Луненскай школы (тады сямігадовай). У школе была створана піянерская арганізацыя, і Ніну Хомка выбралі старшынёй савета дружыны. Пачалося новае шчаслівае жыццё. У радасных клопатах і ў працы прайшла першая чвэрць, якая заканчвалася звычайна кастрычніцкімі святамі. Гэта было першае пасля вайны свята кастрычніка. Школа рыхтавалася выйсці на дэманстрацыю, прысвечаную 27-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Дырэктар школы М.М. Савенкаў і настаўнікі апынуліся ў цяжкім становішчы – для   Чырвонага Сцяга не было матэрыялу. Пра гэта даведаліся піянеры. Ніна адправілася дадому. Назаўтра яна прынесла піянерскі сцяг, які захоўвала ўсе гады вайны. З ім школьнікі пайшлі на дэманстрацыю. З гэтым жа сцягам піянеры выйшлі на дэманстрацыю 1 мая 1945 года. Зараз сцяг захоўваецца ў Гродзенскім абласным гісторыка-археалагічным музеі.

Камсамолка Зіна Буркас з вёскі Струга з прыходам гітлераўцаў згарнула  Чырвоны Сцяг і транспаранты, з якімі зусім нядаўна хадзіла на першамайскую дэманстрацыю, у скрутак і закапала ў зямлю на ўскраіне вёскі. Не давялося Зіне дастаць свой скарб са сховішча. Яна трагічна загінула, падарваўшыся на міне, пастаўленай фашыстамі.

Чатырнаццацігадовы хлопец з вёскі Навасёлкі Леанард Седзянеўскі падабраў на полі  некалькі вінтовак, кулямётных дыскаў і тры дзясяткі гранат. Усё гэта ён схаваў у надзейных месцах. Калі была ўсталявана сувязь з партызанамі, гэты скарб  ён пераправіў у атрад, дзе і застаўся. Юны партызан загінуў смерцю храбрых у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

 Да вайны гэта былі самыя звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Вучыліся, дапамагалі старэйшым, гулялі, бегалі. Іх імёны ведалі толькі родныя, аднакласнікі, сябры, суседзі. Сёння імёны маленькіх герояў Вялікай Айчыннай вайны ведаем мы, нашчадкі. Ведаем і не забудзем!

Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,

класны кіраўнік 9-га класа.

Мастоўскі раён.

Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *