Адзін з самых жаданых навыкаў, якім хацела б авалодаць большасць людзей, — умець граматна распараджацца грашыма. Вучыцца гэтаму лепш з самага дзяцінства.
Дзіця можа не разумець, чаму бацькам трэба так шмат працаваць, і ўтойваць крыўду за недахоп увагі, або крыўдзіцца за адмову купіць нешта ці легкадумна ставіцца да грошай, якія даюць тата і мама.
Разабрацца з гэтымі пытаннямі і стаць больш фінансава граматнымі трэцякласнікам дапамог актыў вучняў 11 класа, наведаўшы ў якасці шэфаў класную гадзіну і правеўшы гульню “Хачу! Трэба! Вучуся эканоміць!”
Разам з дарослымі дзяўчатамі пачаткоўцы актыўна стваралі кластары, у якіх адзначалі жадаемае і неабходнае, складалі пазлы “Што можна купіць за грошы?” і “Што нельга купіць за грошы?”, адначасова спрачаліся і даказвалі свой пункт гледжання.
Адзінаццацікласніцы прэзентавалі дзецям літаратуру па фінансавай граматнасці.
Хутка прабеглі сорак пяць хвілін, насычаныя актыўнай працай, роздумамі, доказамі. Задаволенымі засталіся ўсе ўдзельнікі, а галоўнае – сталі крыху больш фінансава граматнымі.
Н.А. Адамчык, педагог,
які выконвае абавязкі
класнага кіраўніка
Слонімскі раён,
Жыровіцкая школа.