Вясенняя перазагрузка

Из нашей почты Новости

“Вясенняя перазагрузка”- менавіта так называецца школьны аздараўленчы лагер – гэта яркія і карысныя канікулы, эмоцыі, уражанні, ідэі, добры настрой і добрыя справы. А яшчэ,  магчымасць для творчага развіцця, узбагачэння духоўнага свету і інтэлекту дзіцяці; умацаванне здароўя і арганізацыя вольнага часу навучэнцаў; прафілактыка шкодных звычак, дзіцячай безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх і сацыяльная абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

Першы дзень “перазагрузкі”  — гэта дзень знаёмства — знаёмства з планам работы, рэжымам дня, з правіламі бяспечных паводзін. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем выдумлялі назвы сваіх звёнаў і дэвізы, упрыгожвалі паветранымі шарамі залу, дзе адбылася ўрачыстая лінейка адкрыцця лагернай змены. Вось так  стартавала работа аздараўленчага лагера “Веснавая перазагрузка”.

Другі дзень у школьным  аздараўленчым лагеры прайшоў пад дэвізам «Калі героі казак сыходзяць са старонак… » Спачатку дзеці наведалі Навагрудскую бібліятэку сямейнага чытання, дзе пазнаёміліся з рознымі кніжнымі выставамі. Мелі магчымасць пазнаёміцца з навінкамі дзіцячай літаратуры, паглядзець лялечны спектакль пра залатую рыбку, паўдзельнічаць у розных конкурсах, а таксама стаць у далейшым наведвальнікамі гэтай бібліятэкі. Цікава прайшло музычнае мерапрыемства пад кодавай назвай «Пяць ключоў ад Чароўнага куфра». Рабятам прыйшлося адгадваць і загадкі, і песні, і прыдумваць словы з » ноткамі», і складаць новыя словы з прапанаванага, і успомніць песні з імёнамі. Усім было весела і цікава!

Трэці дзень у аздараўленчым лагеры прайшоў пад дэвізам “Чароўны свет – здаровы свет”. З самага рання дзеці даведаліся пра гісторыю ўзнікнення гімнастыкі і паспрабавалі прыдумаць свае незвычайныя практыкаванні. А пасля ўсе разам трапілі на спаборніцтвы да Іллі Мурамца. Каманды хлопчыкаў і дзяўчынак з пераменным поспехам удзельнічалі ў розных конкурсах: скакалі на конях, пераадольвалі непраходныя балоты, “сілкаваліся рыбкай”, былі тэлефаністамі  і разведчыкамі. Каманды былі ўзнагароджаны граматамі.

Кожнаму чалавеку падабаюцца добрыя, шчырыя, адкрытыя людзі, таму сёння ў майстэрні хатнічка “Дабро ствараем сваімі рукамі” вырабляліся паштоўкі-пазітыўчыкі, якія з радасцю былі падараны работнікам школы. А ўдзельнікі акцыі “Дапаможам каму зможам” “дапамаглі” пакаёвым раслінам у школьным зімовым садзе.

Чацвёрты дзень прайшоў пад дэвізам  “Там на невядомых дарожках…” Галоўным мерапрыемствам дня стала пазнавальная экскурсія ў Свята-Елісееўскі мужчынскі манастыр в. Лаўрышава. Дзеці адразу трапілі ў асобы, далёкі ад мітусні свет, са сваім тэмпам і правіламі жыцця. Выхаванцаў сустрэў манах, які пазнаёміў з гісторыяй узнікнення манастыра і яго заснавальнікам. Распопед пачаўся ля помніка святому Елісею Лаўрышаўскаму. У вучняў выклікала цікавасць наведванне храма, 9 капліц (прысвечаных святыням Беларусі), званіцы і купелі. Атмасфера храма пабудзіла на роздум аб паводзінах кожнага з удзельнікаў экскурсіі.

Экскурсія закранула маленькія душы і натхніла на добрыя справы.

Вось і  прайшоў  пяты дзень работы аздараўленчага лагера. Хвілінка бяспекі – і выхаванцы зноў у дарозе. На гэты раз іх чакала захапляльнае падарожжа ў свет кіно. Цікавая гісторыя сапраўднага сяброўства маленькага індзейца Якаі і мустанга Літл Грома закранула дзіцячыя душы. На экране ажыла гісторыя двух сяброў, у жыцці якіх было шмат складаных сітуацый. Але кожны раз ім дапамагала дабрыня і шчырасць, вернасць і адданасць.

Наступны прыпынак – гара Замкавая. Некалі тут знаходзіўся самы магутны, вялікі, цяжкадаступны замак ВКЛ. Аб мінулай магутнасці сёння сведчаць рэшткі дзвюх вежаў: Шчытоўкі і Касцельнай.

А пасля смачнага абеду і салодкага сну выхаванцы трапілі ў творчую майстэрню. Менавіта тут “ачумелыя ручкі” сатварылі незвычайныя паштоўкі да Дня смеху.

Шосты дзень у аздараўленчым лагеры прайшоў пад дэвізам “Да новых сустрэч!”. Неяк хутка прайшлі веснавыя канікулы…  Ужо падыйшоў апошні дзень адпачынку ў лагеры. Гэты дзень супадаў з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. А яшчэ гэта Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.

Выхаванцы трапілі ў захапляльнае падарожжа па казках Г. Х. Андэрсана. У творчай майстэрні былі зроблены кніжныя закладкі ў выглядзе казачных герояў. Творчасць захапіла і дзяўчынак, і хлопчыкаў. Адчуваўся індывідуальны падыход да кожнага вобраза. Не менш захапляльным заняткам быў выпуск сценгазеты “Вясёлыя канікулы”. А вось тут адчуваўся дух спаборніцтва паміж звёнамі “Фантазёры” і “Мечтатели”. Свае думкі, эмоцыі, пачуцці і ўражанні аб веснавых канікулах у лагеры выхаванцы пераклалі на старонкі сваіх сценгазет. Атрымалася вельмі прыгожа і пазнавальна.

На лінейцы выхавацелі павіншавалі дзяцей  з заканчэннем лагернай змены, падвялі вынікі, ўручылі падарункі  і нагадалі аб неабходнасці выканання правілаў бяспекі. Спадзяемся, што дні, праведзеныя ў лагеры, даставілі дзецям шмат радасных хвілін і запомняцца ім надоўга.

Наталля Аляксандраўна БЕРАЗОЎСКАЯ,

дырэктар аздараўленчага лагера «Вясенняя перазагрузка».

Навагрудскі раён,

Пятрэвіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *