З 9 па 16 красавіка праходзіць рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу-2022». Да яе далучыліся вучні і калектыў Пятрэвіцкага дзіцячага сада–сярэдняй школы.
Ужо некалькі гадоў дзейнічае школьнае лясніцтва «Сябры прыроды», якое супрацоўнічае з ДЛГУ «Навагрудскі лясгас» і Лаўцоўскім лясніцтвам. Кожны год школа дапамагае работнікам лясной гаспадаркі ў пасадцы лесу. Актывісты школьнага лясніцтва з задавальненнем удзельнічаюць у гэтай вельмі важнай справе. Аднаўляць лясы – абавязак кожнага грамадзяніна, які клапоціцца пра будучае наступных пакаленняў. Лес – не толькі наша багацце, але і сябар, які сагравае ў зімовую сцюжу, дорыць летнюю прахалоду, дае магчымасць адпачыць у цішыні і атрымаць асалоду ад птушыных спеваў.
Натхнёныя гэтай думкай, узяўшы сажанцы сасёнак і бярозак, старшакласнікі разам з настаўнікамі і супрацоўнікамі школы з добрым настроем прыняліся за справу. І вось ужо радок за радком, гектар за гектарам з’яўляецца малады лес. Пасаджана 8 га лесу, а ўсяго плануецца пасадзіць 20 га.
Гэта НАШ лес! Ён пасаджаны нашымі рукамі! У яго мы ўклалі часцінку сваёй душы. Пачуццё радасці і гонару перапаўняюць душу. Сумесная праца на карысць Радзімы не толькі аб’ядноўвае людзей і выхоўвае экалагічную культуру, дапамагае фарміраваць у падрастаючага пакалення беражлівыя адносіны да прыроды, жаданне аднаўляць, а не знішчаць.
Ірына Яўгеньеўна ДУХОЎНІК,
кіраўнік школьнага лясніцтва.
Навагрудскі раён,
Пятрэвіцкі сад–сярэдняя школа.