Адно з найважнейшых месцаў у грамадска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення належыць экскурсіям і падарожжам.
У Крэйванцаўскім яслях–садзе–базавай школе экскурсіі праходзяць пад дэвізам «Падарожнічай і пазнавай». Экскурсія ўспрымаецца навучэнцамі, у першую чаргу, як сумесны адпачынак. Але задача педагога – выкарыстаць экскурсію як дзейнасны метад. Таму вельмі важным момантам пры выкарыстанні гэтай формы работы з’яўляеццца падрыхтоўка школьнікаў да ўстрымання інфармацыі падчас экскурсіі. З гэтай мэтай перад наведваннем музеяў, гістарычных месцаў, архітэктурных помнікаў навучэнцы заўсёды атрымліваюць частку інфармацыі, задача якой — выклікаць цікавасць, жаданне наведаць гэта месца. Вельмі важна прапанаваць падлеткам самім выбраць месца, дзе б яны хацелі пабываць.
За апошні год навучэнцы ўстановы адукацыі наведалі сядзібу-музей М. К. Агінскага ў Смаргонскім раёне, музей-сядзібу Ф. Багушэвіча «Кушляны», дом-сядзібу А. Міцкевіча ў Навагрудку. Не толькі бліжэй пазнаеміліся з гісторыямі знакамітых родаў Агінскіх і Багушэвічаў, але і адчулі дух эпохі ХVIII–XIX ст. Наведванне адрэстаўрыраванага замка ў Гальшанах выклікала ў школьнікаў пачуццё гонару за ашмянскую зямлю, за гістарычнае мінулае свайго народа. Веліч, абароназдольнасць і непахіснасць беларускага народа навучэнцы адчулі, наведваючы замак Радзівілаў у Міры. А краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча стаў для іх сапраўднай кнігай гістарычнага мінулага Ашмяншчыны. Тут школьнікі адчуваюць сябе часцінкай непаўторнай, цікавай на падзеі Ашмянскай зямлі.
Гераічны летапіс Вялікай Айчыннай вайны – бяздонная крыніца выхавання грамадзянска-патрыятычных пачуццяў у моладзі. Важна данесці да школьнікаў, што на землях Беларусі і Расіі была спынена непераможная армія вермахта, што менавіта на землях СССР, у тым ліку і Беларусі, адбыліся найбуйнейшыя бітвы Вялікай Айчыннай вайны. Што на франтах ваяваў 1 млн. 300 тысяч выхадцаў з Рэспублікі Беларусь: удзельнічалі ў бітве пад Масквой, у Сталінградскай бітве, у бітве на Курскай дузе, вызвалялі Еўропу ад фашысцкай навалы. Наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пакінула глыбокі след у дзіцячым успрыманні. Музей уражвае сваімі маштабамі, экспазіцыямі, тэматыкай. Навучэнцаў здівіла, наколькі шмат народаў было задзейснена ў абароне нашай агульнай Радзімы. Эспанаты настолькі рэальныя, што нагадваюць жывых людзей і іх штодзённы ўжытак. Да дрыжыкаў уразілі карціны М. А. Савіцкага. Нікога не пакінулі абыякавымі героі яго палотнаў: так дакладна ён перадаў той боль і жах, што перажылі людзі ў канцлагерах.
Канфуцый гаварыў: «Паслухайце – і вы забудзеце, паглядзіце – і вы запомніце, зрабіце – і вы зразумееце». Таму лічу, што экскурсіі і наведванне гістарычных помнікаў – адзін з самых цікавых і эфектыўных метадаў выхавання патрыятызму, станоўчых пачуццяў да зямлі, дзе чалавек нарадзіўся і вырас.
Антаніна Іванаўна ЛУКША,
настаўнік пачатковых класаў.
Ашмянскі раён,
Крэйванцаўскі яслі-сад–базавая школа.