Год 2022 – Год гістарычнай памяці. Менавіта, гістарычная памяць – гэта тая кроўна-жыццёвая аснова, на якой трымаецца кожны з нас. Настаўнікі пачатковых класаў нашай школы ўпэўнены, што кожны чалавек як мага больш павінен ведаць пра род, пра гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. І як горка і балюча, што некаторыя беларусы здраджваюць сваёй Радзіме, становяцца яе ворагамі, уцякаюць з бацькоўскай зямлі на чужыну.
Мы перакананы, што мінулае для нас павінна быць не проста пустым гукам, а найважнейшай крыніцай для фарміравання свядомасці і вызначэння свайго месца ў грамадстве. Губляючы памяць, мы губляем арыентацыю сярод асяроддзя, народа, нацыі, і адразу бурацца важныя сацыяльныя сувязі. Нельга забываць, што актуальнасць многіх сённяшніх праблем грамадства цесным чынам звязана з гістарычным мінулым. Толькі ведаючы гісторыю свайго народа, беларусы здольны вызначыць, што будзе карысным для грамадства ў будучыні.
Тэндэнцыя да перапісвання гістарычных падзей, асабліва падзей Другой сусветнай вайны, ужо даўно павінна насцярожыць усё чалавецтва. І таму захаванне гістарычнай памяці, праўды – галоўная задача ўсіх грамадзян.
Кожны год вельмі значнай падзеяй для вучняў і настаўнікаў пачатковых класаў нашай школы з’яўляецца правядзенне Тыдня пачатковай школы. У гэтым годзе ў час правядзення Тыдня быў рэалізаваны праект “Гістарычная памяць – светлая будучыня!”. Нашы настаўнікі-пачаткоўцы ўпэўнены, што гістарычная памяць аб’ядноўвае людзей. Здавён нашы продкі выхоўвалі дзяцей у любові і вернасці да роднага краю, яго гісторыі і традыцый.
Праект складаўся з шасці блокаў.
Першы блок — “Роднай мовы галасы”. У гэты дзень прайшла святочная лінейка, прысвечаная адкрыццю тыдня пачатковай школы. Вельмі ўразіў усіх флэш-моб “Ганаруся табой, Беларусь!”.
У гэты ж дзень малодшыя вучні пісалі вершы пра Беларусь, а большым было прапанавана самім скласці вершы, або міні-сачыненні пра родную мову і сваю Радзіму.
Вельмі многа было жадаючых паудзельнічаць у віктарыне “Падарожжа па беларускіх казках”, таму што казкі — любімыя творы пачаткоўцаў.
Другі блок – “Дзяцінства, апаленае вайной”. У гэты дзень навучэнцы пабывалі ў відэасалоне на дэманстрацыі фільмаў пра дзяцей, у якіх дзяцінства ўкрала вайна. Смутак, а ў некаторых вучняў нават і слёзы, можна было ўбачыць на тварах нашых пачаткоўцаў. Аб гераізме піянераў-герояў вучні даведаліся на ўроках пазакласнага чытання.
Сваю сілу і моц вучні 1 і 2 класа паказалі ў спартландыі “Калі мы адзіныя – мы не пераможныя!”, якую арганізавала настаўнік фізічнай культуры і здароўя Гусева З.Э.
Калажы “Мы — за мір!” і галубы з заклікам да міру дэманстравалі вучні 3 і 4-х класаў напрыканцы гэтага дня.
Трэці блок — “Мы – будучыя абаронцы Айчыны”
Вельмі цікава і захапляльна прайшла інтэрактыўная гульня “Ці лёгка быць салдатам?”, якую правяла з вучнямі педагог-арганізатар Траццяк Т.І. Вельмі спадабаўся рабятам конкурс па пусканню папяровых самалёцікаў. Заключным этапам стаў конкурс малюнкаў “Наша армія – наш гонар!” .
Чацвёрты блок — “Адкуль пайшоў мой род?”
Першакласнікі адправіліся ў школьны музей, дзе іх чакаў вельмі цікавы аповед пра абутак нашых продкаў. А пасля – загадчыца музея Корзун Яніна Іванаўна правяла цікавую інтэрактыўную гульню “Эх, лапці мае…”.
Вучні другога класа прынялі ўдзел ў конкурсе малюнкаў “Беларускае нацыянальнае адзенне”. А для вучняў 3-4-х класаў быў прапанаваны конкурс аплікацый “І тчэ забыўшыся рука…”
Зранку ў гэты дзень была арганізавана выстава “Бабуліна спадчына”. Вучні загаддзя прыносілі ручнікі, посцілкі, сурвэткі і іншыя рэчы сваіх бабуль і прабабуль. Усіх уразілі тканыя посцілкі, якія прынесла вучаніца 3 класа Кулак Сафія – іх было больш за дваццаць. Гэта рэчы, якія атрымала ў пасаг яе бабуля, былая настаўніца нашай школы Кулак Яніна Адольфаўна. А некоторыя з іх – нават яе прабабуля. Палюбавацца прыгажосцю, майстэрствам і уменнем бабуль і прабабуль нашых пачаткоўцаў прыходзілі і старэйшыя вучні, і работнікі школы.
Заключным мерапрыемствам у гэты дзень стаў конкурс чытальнікаў вершаў “Ганаруся табой, Беларусь!”. Жадаючых было многа з кожнага класа. Адны расказвалі пра прыгажосць прыроды нашага краю, другія – пра галоўны скарб – людзей, працавітых і таленавітых, пра гісторыю нашай Беларусі.
Пяты блок — “Сёння ў нашай хаце свята”.
Вучні ў гэты дзень пазнаёміліся з рознымі беларускімі абрадамі і звычаямі і прынялі ўдзел у праекце Масленічныя забавы”. Сапраўднае свята арганізавалі педагогі для сваіх вучняў. Гэта і карагод з сімвалам вясны Сонейкам, гульні-спаборніцтвы, заклічкі і адгадванне загадак. А закончылася свята смачнымі блінамі з варэннем і згушчонкай, салодкім чаем і баранкамі. Нават педагогі паспаборнічалі паміж сабой, таму што бліны – гэта іх рук справа і аказаліся яны ў кожнага смачныя і прыгожыя па-свойму.
І вось зноў пачаткоўцы выстраіліся на лінейку. Тыдзень пачатковых класаў завершаны. Падведзены вынікі. Пераможцы і ўдзельнікі атрымалі ўзнагароды з рук дырэктара школы Гайдукевіч М.В. Са словамі падзякі за актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах выступіла і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гусева З.Э.
Наш праект быў рэалізаваны дзякуючы творчасці, актыўнасці, крэатыўнасці не толькі нашых пачаткоўцаў, іх бацькоў, але і педагогаў, надзейных памочнікаў і сяброў – Кавалёнак Ж.З., Рагінскай В.В., Андрэевай С.У, Захаржэўскай Л.М.
Прааналізаваўшы ўсе праведзеныя мерапрыемствы, мы яшчэ раз парадаваліся за нашых рабят. Вывучаць гісторыю нашай краіны мы прадоўжым і далей. Мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб у нас і нашай краіны была будучыня – светлая, радасная і шчаслівая!
Людміла Мікалаеўна ЗАХАРЖЕЎСКАЯ,
кіраўнік школьнага метадычнага
аб’яднання пачатковых класаў.
Ашмянскі раён,
Гальшанская школа.