У рамках рэалізацыі праекта «Ад вызвалення да перамогі» было вырашана, што ўсе вучні Дварэцкай школы павінны наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны. Таму, падарожнікі адправіліся на экскурсію ў сталіцу нашай Беларусі – Мінск.
Першым прыпынкам быў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У суправаджэнні экскурсавода вучні пазнаёміліся з цікавымі экспазіцыямі, атрымалі шмат карыснай інфармацыі аб подзвігах нашых суайчыннікаў у час вайны, пачулі рэальныя гісторыі з жыцця і барацьбы беларускага народа.
Хлопчыкаў і дзяўчынак зацікавілі арыгіналы баявой тэхнікі, макеты партызанскіх зямлянак, бліндажоў, акопаў. Самым цікавым сталі інтэрактыўныя экраны, выкарыстоўваючы якія, вучні маглі самі прагартаць старонкі, як у звычайнай кнізе.
А завяршыўся экскурсійны маршрут залай Перамогі, дзе зрабілі фотаздымак на памяць.
Далейшае падарожжа юных турыстаў адбылося на мемарыял «Востаў Слёз», які створаны ў гонар беларускіх салдат, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны доўг ў Афганістане. Там знайшлі і прозвішча нашага земляка Дзмітрыя Лазовіка. Яго імя носіць піянерская дружына школы.
Незабываемая экскурсія надоўга застанецца ў памяці дзяцей. У Год гістарычнай памяці гэта напамін усім, каб з удзячнасцю і павагай адносіліся да тых, хто цаной свайго жыцця адстаяў для нас сёняшняе шчаслівае і мірнае жыццё. Ведаць і помніць мінулае, каб будаваць мірнае будучае!
Ірына Міхайлаўна ЛЯЎШУК,
класны кіраўнік 8 класа.
Дзятлаўскі раён, Дварэцкая школа.