Жамчужына Лідскай зямлі

Из нашей почты Новости

Навучэнцы Гудскага дзіцячага сада–базавай школы далучыліся да гістарычнай спадчыны, наведаўшы славутую рэліквію горада – Лідскі замак.

Нават звонку велічная і загадкавая пабудова ў цэнтры горада прываблівае позіркі людзей. А што ўжо гаварыць, калі ты апынуўся ўнутры замка?! Здаецца, кожны з прысутных адчувае подых жыцця нашых продкаў. Уяўляецца князь Гедымін, па загаду якога пачалося будаўніцтва абарончай крэпасці. На працягу амаль пяці гадоў мясцовыя жыхары ўзводзілі Лідскую крэпасць. Сцены дасягаюць месцамі  амаль 12 метраў. Уявіце толькі, колькі ж трэба было набыць камянёў-валуноў!

Лідскі замак – адзіны з помнікаў абарончай архітэктуры Беларусі, які захоўвае ў сабе шматвяковую гісторыю нашай краіны. У сценах замка вяршылася гісторыя. Не адзін раз жыхарам прыходзілася адбіваць нашэсці ворагаў. Адзінства, вернасць сваёй Радзіме аб’ядноўвалі нашых продкаў і садзейнічалі таму, каб замак праз вякі нябачнай ніткай звязваў мінулае з сучаснасцю.

Праляцела не адно стагоддзе. Час наклаў свой адбітак. Цішыня і спакой пануе ў замку. А сэрцы наведвальнікаў перапаўняе гонар за нашых продкаў.

Хутка лета, так што, мой дружа, не сядзі дома, а накіроўвайся адкрываць цудоўны і загадкавы свет пад назвай “Замкі Беларусі”.

А мы вас запэўнім, што вас чакае шмат таямнічага і нязведанага. У добры шлях!

Ганна Іванаўна ВАЗЕНКОВА,

класны кіраўнік 2-га класа,

Ганна Францаўна ДАНІСЕВІЧ,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Лідскі раён,

Гудскі дзіцячы сад–базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *