Бяспечнае лета

Из нашей почты Новости

У Паляцкішскай школе прайшоў бацькоўскі сход «Бяспечнае лета».

У мерапрыемстве прыняла ўдзел старшыня Пагародзенскага сельскага выканаўчага камітэта Вольга Уладзіміраўна Сінельнікава. Яна праінфармавала бацькоў аб мэце і задачах правядзення месячніка пажарнай бяспекі на тэрыторыі Воранаўскага раёна. Вольга Уладзіміраўна зрабіла акцэнт на неабходнасць захавання правілаў пажарнай бяспекі ў жылым памяшканні і на адказнасць грамадзян у галіне пажарнай бяспекі. Адзначыла, што пажар у дамах і кватэрах па-ранейшаму застаецца найбольш небяспечным відам экстрымальнай сітуацыі для чалавека. Каб звесці да мінімуму яго верагоднасць, неабходна ведаць асноўныя меры перасцярогі і ўмець іх загадзя прымаць.

У час сходу было разгледжана пытанне «Дзеці і бяспека». Сацыяльны педагог Іван Францавіч Габіс адзначыў, што праблема бяспекі жыццядзейнасці чалавека ў сучасных умовах – адна з самых актуальных.  Увага прысутных была звернута на актуалізацыю супрацоўніцтва сям’і і школы ў пытаннях бяспекі дзяцей. Захаванне правілаў бяспечных паводзін у розных сітуацыях (у побыце, на прыродзе, на дарогах, пры выкарыстанні веласіпедаў, самакатаў, у інтэрнэт-прасторы)  ў перыяд летніх канікулаў – гэтае пытанне павінна знаходзіцца на пастаянным кантролі ў бацькоў, бо ў бяспецы дзяцей дробязей не бывае. Бацькоўская адказнасць заключаецца ў тым, каб дома было як мага менш небяспечных сітуацый.

Аб фарміраванні культуры міжасобасных адносін у сям’і гаварыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галіна Эдвардаўна Станкевіч. Узгодненасць паміж членамі сям’і ў многім залежыць ад разумення імі сваіх сацыяльных роляў, а таксама разумення бацькамі сваіх абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Эмацыянальны і маральны клімат сям’і служыць важнейшай умовай выхавання ў дзяцей маральных перакананняў, пачуццяў, звычак. Вынікі сямейнага выхавання, як зазначыла Галіна Эдвардаўна, робяць свой уплыў на паводзіны і характар дзіцяці.

Аб недапушчальнасці насілля ў дачыненні да дзяцей, аб спосабах негвалтоўнага вырашэння праблем, якія ўзнікаюць ва ўзаемаадносінах дзяцей і бацькоў, падрэсліла педагог-псіхолаг Вольга Святаславаўна Заяц. Яна расказала аб асноўных формах праяўлення насілля ў адносінах да дзяцей у сям’і, аб сацыяльна-псіхалагічных наступствах жорсткага абыходжання з дзецьмі. Вольга Святаславаўна.Заяц зазначыла, што толькі ўсвядомленае бацькоўства здольна вырашаць існуючыя праблемы канструктыўным спосабам.

Дырэктар школы Валянціна Іванаўна Кіроль засяродзіла ўвагу прысутных на ўзаемадзеянні школы і сям’і па арганізацыі летняй занятасці непаўналетніх і правядзенні аздараўленчай кампаніі. Падчас летніх канікул на базе школы будуць працаваць аздараўленчыя лагеры з дзённым і кругласутачным знаходжаннем. Вучні малодшага і сярэдняга ўзросту будуць мець магчымасць прайсці аздараўленне, прыняць удзел правядзенні мерапрыемстваў на базе ўстановы адукацыі.

Толькі сумесныя намаганні педагогаў, выхаванцаў і іх бацькоў змогуць зрабіць лета бяспечным.

Іван Францавіч ГАБІС,

педагог сацыяльны.

Воранаўскі раён, Паляцкішская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *