Пытанні навучання дзяцей бяспецы жыццядзейнасці асабліва актуальныя для бацькоў і педагогаў у перыяд летніх канікул. У выхаванцаў аздараўленчага лагера «Сцяжынкамі роднага краю» з’явілася выдатная магчымасць не толькі замацаваць правілы бяспечных паводзін у соцыуме, але і адкрыць нешта новае.
У рамках акцыі «Канікулы без дыму і агню!» для выхаванцаў аздараўленчага лагера была арганізавана сустрэча з прадстаўнікамі Навагрудскага РАНС, у ходзе якой яны пазнаёміліся з асноўнымі правіламі службы выратавання. Убачылі сапраўдную пажарную машыну, выратавальны жылет і, з дапамогаю вады з пажарных шлангаў, паспрабавалі нават забіць гол у вароты мячом. За правільныя адказы на пытанні атрымалі прыгожыя памяткі, календары. У канцы сустрэчы хлопчыкі і дзяўчынкі пагарэзіліся ў патоках брызгаў з пажарнага шланга.
Таксама выхаванцы пабывалі на экскурсіі ў Цэнтры бяспекі МНС у г. Ліда, дзейнасць якога арыентавана на навучанне падрастаючага пакалення асновам бяспекі жыццядзейнасці, правілам аказання першай медыцынскай дапамогі, правілам карыстання калектыўнымі і індывідуальнымі сродкамі абароны. Экскурсавод нагадала правілы бяспечных паводзін на турыстычных аб’ектах, дарогах, у горадзе, у лесе, падчас стыхійных бедстваў. Выхаванцы патрэніраваліся выклікаць экстранныя службы, пагаварылі аб прадухіленні і тушэнні пажараў і прайшлі праз сапраўдны задымлены пакой, не спалохаўшыся і не разгубіўшыся.
Жанна Сулейманаўна БЕДУНКЕВІЧ,
дырэктар лагера.
Навагрудскі раён, Любчанская школа,
аздараўленчы лагер «Сцежкамі роднага краю».