Доўгачаканае лета дазваляе дзяўчынкам і хлопчыкам з задавальненнем атрымліваць асалоду ад канікул. І калі малодшыя школьнікі з галавой акунуліся ў бесклапотны свет гульняў і прыгод, то навучэнцы старэйшых класаў Пескаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы вырашылі для сябе, што летнія канікулы – гэта час, калі можна сумясціць прыемнае з карысным: і адпачыць, і зарабіць першыя ўласныя грошы.
Такую магчымасць падлеткам даюць працоўныя быгады. Дарэчы, многія ўжо працавалі ў брыгадзе мінулым летам. Сёлета працоўная брыгада аб’яднала 14 навучэнцаў ад 14 да 16 гадоў. Гэта дзеці як з поўных, так і з апякунскіх і мнагадзетных сем’яў. Выхаванцы працавалі на базе установы адукацыі і змоглі адчуць сябе ў якасці сапраўдных работнікаў і, вядома ж, заробілі грошы. Навучэнцы палолі бульбу, буракі, капусту, цыбулю, клумбы з кветкамі. Пачалі ачышчаць ад зеляніны і моху жалезабетонны плот вакол школы.
Большая частка работ брыгады накіравана на добраўпарадкаванне і афармленне тэрыторыі школы. Наперадзе добраўпарадкаванне стадыёна, тэрыторый каля замацаваных помнікаў, а таксама праца ў школьнай цяпліцы. У планы ўваходзіць і структураванне бібліятэчнага фонду.
Праца ў брыгадзе, вядома, спрыяе выхаванню ў падлеткаў ініцыятывы, дакладнасці, акуратнасці, настойлівасці, дысцыплінаваных паводзін у калектыве. Акрамя таго, адцягваючы падлеткаў ад вуліцы, з’яўляецца адным з метадаў прафілактыкі правапарушэнняў і безнагляднасці непаўналетніх.
Хочацца адзначыць, што юнакі і дзяўчаты з вялікім жаданнем працуюць у складзе працоўнай брыгады, так як тут яны атрымліваюць магчымасць зарабіць, замацаваць прафесійна-працоўныя навыкі, якія спатрэбяцца ім у будучыні, вучацца разам несці адказнасць за атрыманы вынік. Падлеткам вельмі прыемна, што яны здольныя прынесці карысць школе, вёсцы, сям’і, сабе, грамадству, краіне.
Кожны дзень пасля працы любімым месцам усіх дзяўчынак і хлопчыкаў стала пляцоўка адпачынку на школьным стадыёне. Тут збіраюцца ўсе разам, і кожны знаходзіць сабе занятак па душы, гэта і мастацкая самадзейнасць, і спартыўныя гульні. Падчас сустрэч арганізоўваюцца розныя флэшмобы і музычныя конкурсы.
І можна не сумнявацца, што пасля добрасумленнай працы і актыўнага адпачынку падлеткі будуць ведаць цану грошай, цану сапраўднага сяброўства і больш паважліва ставіцца да чужой працы, бо летняя працоўная дзейнасць іх гэтаму абавязкова навучыць.
Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 10-га класа.
Мастоўскі раён,
Пескаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа.