Зіхацяць зоркі памяці…

Из нашей почты Новости

Педагогі школы № 3 г. Навагрудка ў аздараўленчым лагеры «Нашчадкі традыцый» рэалізуюць грамадска-карысны праект «У памяці назаўсёды». Сутнасць праекта – зберагчы памяць аб подзвігу салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі пры вызваленні Навагрудка.

1944 год упісаны ў летапіс Вялікай Айчыннай вайны не толькі шматлікімі чалавечымі ахвярамі. Гэта яшчэ і год вялікіх перамог над ворагам. Вольнай стала Беларусь, наша сталіца Мінск. А 8 ліпеня 1944 года ў ходзе Беластоцкай наступальнай аперацыі войскамі другога Беларускага фронту быў вызвалены Навагрудак.

Аб’ектам пастаяннага клопату для выхаванцаў аздараўленчага лагеру «Нашчадкі традыцый» сталі могілкі савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Члены атрада «Следапыты» даведаліся, што на могілках пахавана 239 чалавек, у тым ліку 187 воінаў і партызан, якія загінулі летам 1944 года. На чатырох абелісках напісана «воін невядомы». А зрабіўшы экскурс у гісторыю, дзеці дакладна высветлілі, што ў 1958 годзе ў цэнтры могілак быў устаноўлены помнік з выявай салдата. Выхаванцы лагера вывучылі дзейнасць школьнага патрыятычнага клуба «Памяць», які займаецца пошукам сваякоў. Брацкія могілкі пад нумарамі 27 і 34 асаблівы гонар нашых вучняў – гэта устаноўленыя імёны герояў, месца пахавання якіх не было вядома – Семён Андрэевіч Аўсяннікаў родам з Расіі, Пермскай вобласці, Кунгурскага раёна, вёска Кіндзелінская, і Аляксей Рыгоравіч Архіпаў, уражэнец Тульскай вобласці, Алексінскага раёна, вёска Бошня.

Дзяўчынкі і хлопчыкі правялі працоўную акцыю па навядзенню парадка на могілках, пафарбавалі зоркі на помніках героям яркім чырвоным колерам. З задавальненнем і з гонарам усе займаліся карыснай працай, адзін перад адным стараліся зрабіць работу якасна.

Ала Іосіфаўна МАКСІМЕНКА,

кіраўнік школьнага патрыятычнага клуба «Памяць».

г. Навагрудак, школа № 3,

аздараўленчы лагер «Нашчадкі традыцый».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *