Напярэдадні Дня Незалежнасці выхаванцы летняга аздараўленчага лагера «Вясёлка», што створаны на базе школы № 8 г. Ваўкавыска, наведалі мемарыяльны комплекс «Шавулічы».
Адзін з найбольш вядомых помнікаў Гродзеншчыны, прысвечан трагедыі «вогненных вёсак», што былі спалены фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вёску Шавулічы называюць «малодшай сястрой» Хатыні. Трагедыя адбылася 7 ліпеня 1943 года. Ад няшчаднай кулі ворага тут загінула 366 мірных жыхароў, у тым ліку 120 дзяцей.
У пагодны ліпеньскі дзень трагедыя людскіх лёсаў успрымаецца па-асабліваму балюча. Маляўнічы пейзаж абуджае непамернае жаданне радавацца жыццю, марыць пра будучыню. Ды толькі фрагменты абвугленых зрубаў былых хат нагадваюць пра смерць і жахі вайны.
На тварах дзяцей сур’ёзнасць і задумлівасць. У руках яркім полымем гараць кветкі. Кожны з выхаванцаў бываў тут не аднойчы. Але кожны раз педагогі старанна рыхтуюцца да гэтай паездкі, каб расказаць дзецям нешта новае. Вучні кладуць кветкі ля падножжа абеліска, чытаюць верш, ушаноўваюць памяць герояў хвілінай маўчання. Узрушаныя і ўсхваляваныя ўсе вяртаюцца ў атрад.
Напрыканцы дня вучням прапаноўваецца выказаць свае ўражанні ад паездкі фарбамі. І яны малююць. Адны – абеліск у акружэнні купкі бярозак, іншыя – скульптурную кампазіцыю ці вялікі звон, гучанне якога нагадвае, што ніхто не забыты.
Ірына Іванаўна ШЧАСЮК,
выхавацель лагера.
г. Ваўкавыск, школа № 8,
аздараўленчы лагер «Вясёлка».