]
Чацвёрты год ў летні перыяд запрашае ўсіх жыхароў аграгарадка Макараўцы моладзёжная пляцоўка «Здаровы лад жыцця – гэта крута», якая адкрыта ў Макараўскім яслях-садзе–сярэдняй школе.
Кожную пятніцу дзеці спяшаюцца на стадыён, каб з карысцю правесці вольны час, замацаваць здароўе і атрымаць асалоду ад цёплых сонечных дзянькоў. На гэты раз хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім задавальненнем адправіліся ў невялікае падарожжа па планеце Здароўе, дзе прынялі ўдзел у квест-гульні «У шлях дарогу збірайся, за здароўем адпраўляйся!», асноўная мэта якой не толькі ўзбудзіць пазнавальную і спартыўную цікавасць, але і даць шырокія магчымасці для ўмацавання фізічнага і псіхічнага здароўя.
Пачалася гульня з апавядання прытчы «Пра разумнае здароўе», пасля абмеркавання якой прыйшлі да высновы, што ў сучасным жыцці здароўе і спорт павінны быць заўсёды побач. А потым пачалося самае захапляльнае – падарожжа па станцыях, у час якога патрэбна было праявіць кемлівасць, спрыт, знаходлівасць, мэтанакіраванасць, хуткасць і, вядома ж, паказаць свае веды аб фактарах, якія ўплываюць на здароўе чалавека, аб развіцці спорту ў нашай краіне і даказаць, што толькі разам, сумеснымі намаганнямі можна перамагчы і прынесці карысць не толькі сабе, але і сваёй камандзе.
Вялікую цікавасць у канцы гульні выклікаў пошук салодкага «скарбу». Квест-гульня атрымалася пазнавальнай і цікавай, пакінула шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў.
Алена Антонаўна БУДНІЦКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў.
Бераставіцкі раён,
Макараўскі яслі-сад–сярэдняя школа.