У музеі Якуба Коласа новыя часовыя экспазіцыі

Из нашей почты Новости

З 30 жніўня па 30 верасня 2022 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае наведаць часовыя экспазіцыі «Пскоўскі народны касцюм у мініяцюры» і «Казачныя мастакі. Кніжная графіка Юрыя і Лізаветы Васняцовых» са збораў Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае» (Пушкінагорскі раён Пскоўскай вобласці, Расійская Федэрацыя).

Супрацоўніцтва паміж музеямі беларускага і рускага класікаў пачалося яшчэ ў 2011 годзе, калі кіраўнікамі абедзвюх устаноў было падпісана адпаведнае пагадненне. У 2012 годзе ў Пушкінскім запаведніку экспанавалася выстаўка да 130-годдзя народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы. У 2016 годзе супрацоўнікі Пушкінскага Запаведніка прыязджалі з культурна-адукацыйным праектам «Пушкін едзе ў госці да Коласа». І сёлета, у чарговы юбілейны год беларускага народнага паэта – 140-годдзя з дня нараджэння – супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа зноў будуць мець магчымасць з радасцю вітаць на беларускай зямлі расійскіх калег.

Праграма побыту музея-запаведніка дастаткова насычаная. 30 жніўня 2022 года ў 15.00 адбудзецца адкрыццё часовых экспазіцый. «Пскоўскі народны касцюм у мініяцюры» складаецца з 21 мініяцюрнага ўзора святочнага і паўсядзённага мужчынскага, жаночага і дзіцячага адзення, характэрнага для рэгіёна. Экспазіцыя «Казачныя мастакі. Кніжная графіка Юрыя і Лізаветы Васняцовых» распавядае аб пераемнасці пакаленняў знакамітай дынастыі мастакоў Васняцовых, запрашае наведвальнікаў у чароўны свет рускай казкі, свет бестурботнага дзяцінства, такі блізкі і знаёмы кожнаму, і ўражвае сваёй вобразнасцю і шматколернасцю: размаляваныя конікі, касалапыя мядзведзікі, працавітыя каты, апранутыя ў кашулькі і валёначкі, з кошыкамі і апалонікамі, — усе яны намаляваны з гумарам і кранальнай любоўю.

Запланаваны майстар-клас «Руская лубочная карцінка», дзе можна атрымаць звесткі з гісторыі «народных карцінак», даведацца пра спосабы іх вырабу і характэрныя сюжэты ў ХVІІІ – ХІХ стст., пазнаёміцца са старым рускім алфавітам і, выкарыстоўваючы ліпавыя дошкі, паспрабаваць вырабіць уласную копію лубочнай карцінкі ХІХ ст.

Шчыра запрашаем!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *