Нам засталася спадчына…

Из нашей почты Новости

Дзень беларускай пісьменнасці з’яўляецца нацыянальным святам у нашай краіне і азначаецца штогод у першую нядзелю верасня.

Шлях да пісьменнасці быў доўгім і складаным. Прынята лічыць, што пачатак яму быў пакладзены каля шасці тысяч гадоў таму, прыкладна ў IV тысячагоддзі да нашай эры. Кніга ж на Беларусі з’явілася ў X стагоддзі, разам з хрысціянствам. Яна прыйшла ўрачыста, на самае пачэснае месца. Якія б высокія, мураваныя ці драўляныя ні былі дамы ў горадзе і вёсцы, над кожным паселішчам велічна ўзвышаўся храм. А ў цэнтры храма, на спецыяльным прастоле, было месца кнігі – Евангелля. Яго ўрачыста выносілі, яго цалавалі, як ікону, на Евангеллі прысягалі сведкі на судах.

Жывое беларускае слова, як і кожны чалавек, мае свой лёс, у якім бывалі і светлыя дні, і змрочныя часы. Кожная літара і да сёння захоўвае не адну таямніцу. Яна з’яўляецца своеасаблівым графічным адбіткам лёсу кожнага з беларускіх асветнікаў, якія сваё жыццё прысвяцілі служэнню слова. Гэта Ефрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Клімент Смаляціч, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. Іх праца дазволіла ўзняць культуру на вельмі высокі ўзровень, праславіла беларускія зямлі не толькі ў Еўропе, але і  на ўвесь свет.

Напярэдадні ў школе № 2 г. Мсціслава прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства. У школе ладзіліся літаратурныя кампазіцыі, пазнавальныя турніры і віктарыны, экскурсіі, была арганізавана выстава «Летапіс свята беларускага пісьменства». У гэты дзень вучні даведаліся пра гісторыю ўзнікнення свята і месца яго правядзення ў розныя гады, папоўнілі свае веды пра пісьменнасць у старадаўні і цяперашні час, жыццё і дзейнасць беларускіх асветнікаў.

Дзень беларускага пісьменства – гэта свята мовы, свята звычаяў і традыцый беларускага народа, гэта даніна памяці і павагі славутых землякоў. Гэта наша спадчына, якую мы атрымалі ад продкаў і павінны яе перадаць сваім нашчадкам.

Валянціна Аляксандраўна ПІСАРЭНКА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

г. Мсціслаў, школа № 2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *