Адзіны ўрок, прысвечаны Дню народнага адзінства, прайшоў у 6-м класе Ханявіцкай школы Свіслацкага раёна.
Мерапрыемства садзейнічала асэнсаванню навучэнцамі прыналежнасці да беларускага народа, аб’яднанаму агульнай гісторыяй і традыцыямі, выхаванню грамадзянскасці, патрыятызму, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.
З мэтай рэалізацыі тэматычнага блока «У гістарычным мінулым – адзінства народа» шасцікласнікі самастойна былі азнаёмлены з матэрыяламі інтэрнэт-партала «Гісторыя Беларусі. Прэзідэнт – дзецям».
У ходзе абмеркавання прагледжанага матэрыялу навучэнцы выказвалі свае меркаванні пра значнасць адзінства беларускага народа ў розныя перыяды гістарычнага развіцця, што гістарычнае мінулае і традыцыі аб’ядноўваюць народ.
Вучні атрымалі аргументаваныя адказы на пытанні, чаму падзеі 17 верасня 1939 года сталі пачаткам аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, а Вялікую Айчынную вайну называюць яркім прыкладам народнага адзінства, пабываўшы на экскурсіі ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі. Кіраўнік музея і ваенна-патрыятычнага выхавання Ірына Аляксееўна Карпічэнка пазнаёміла дзяцей з подзвігамі нашых землякоў, партызанаў і падпольшчыкаў у гады суровых выпрабаванняў, расказала пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У рамках блока «Традыцыі народа – залог яго адзінства і згоды» вучні наведалі тэматычную кніжную выстаўку ў школьнай бібліятэцы «Беларусь – краіна адзінства і згоды», зацікавіліся дакументальнымі і мастацкімі творамі, інтэрнэт-рэсурсамі для дзяцей пра Беларусь і беларускі народ, якія прапанавала ім на выбар бібліятэкар Ірына Станіславаўна Кубіцкая. З цікавасцю дзеці адказвалі на пытанні віктарыны «Дасягненні Рэспублікі Беларусь», выкарыстоўваючы матэрыялы інтэрнэт-праекта «Традыцыі суверэннай Беларусі».
На этапе рэфлексіі вучні зрабілі вывад, што ўрокі мінулага, багаты вопыт нашых продкаў паказваюць, што толькі аб’яднаўшыся можна пабудаваць дом, сабраць ураджай, абараніць сваю краіну ад ворага і, згуртаваўшыся, кожны з нас можа ўнесці свой уклад у развіццё нашай квітнеючай Радзімы. Навучэнцы перакананы, што адной з задач юных грамадзян нашай краіны з’яўляецца берагчы і абараняць багацці Радзімы, імкнуцца да іх павелічэння, ведаць гісторыю Беларусі, выдатныя традыцыі, пакланяцца памяці продкаў, вучыцца на яркіх біяграфіях сваіх суайчыннікаў, ганарыцца дасягненнямі краіны і ўносіць свой уклад у яе далейшае развіццё і росквіт.
Зінаіда Георгіеўна ПАРМОНІК,
класны кіраўнік 6-га класа.
Свіслацкі раён,
Ханявіцкая школа.