Круглы стол «Мы гэтай зямлі працяг» адбыўся з вучнямі 9–11-га класаў у Дварэцкай сярэдняй школе.
На мерапрыемства былі запрошаны член грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Наталля Аляксандраўна Бяляк, кіраўнік школьнага музея «Памяць» Сяргей Віктаравіч Каско.
Вядучая, класны кіраўнік 9-га класа, адзначыла, што ў 2021 годзе згодна Указа Прэзідэнта ў календары Рэспублікі Беларусь з’явілася новае дзяржаўнае свята, прапанавала прысутным паразважаць аб значэнні даты 17 верасня для беларусаў, патрыятызме, выхаванні падрастаючага пакалення і любові да Радзімы. Усім нам трэба навучыцца слухаць і чуць адзін аднаго, паважаць розныя меркаванні, імкнуцца да згоды. Новае свята – нагода задумацца пра сэнс памяці і ўласную гісторыю.
Наталля Аляксандраўна гаварыла, што на старэйшае пакаленне сёння ўскладзена сур’ёзная адказнасць – навучыць моладзь паважаць тых, хто жыве з імі ў адной краіне, адным горадзе, на адной вуліцы, вучыцца ў адной школе. Для дасягнення міру і адзінства ў грамадстве кожнаму трэба пачаць з сябе. Прапанавала паразважаць над словамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на што вучні актыўна выказвалі сваю думку і меркаванне.
Сяргей Віктаравіч запрасіў прысутных у падарожжа па гісторыі нашай Айчыны, каб разам вызначыць месца беларусаў у свеце і даказаць: Дзень народнага адзінства стаў своечасовай і важнай датай у жыцці беларусаў, заклікаў моладзь да міру і сяброўства, дабрыні і разумення.
Вучні актыўна задавалі гасцям пытанні і атрымалі кампетэнтныя адказы.
Удзельнікі круглага стала разам прыйшлі да высновы і намалявалі вобраз сапраўднага патрыёта: гэта той, хто любіць сваіх бацькоў, ніколі не імкнецца нашкодзіць сваёй Радзіме, пабываўшы ў іншых краях, нязменна вяртаецца дамоў, імкненне пакінуць свой след у гісторыі малой радзімы, нешта добрае перадаць нашчадкам. Сёняшнія вучні – наша будучыня. Сёння кожны можа напісаць уласную старонку ў гісторыю краіны.
Заўсёды заставайцеся патрыётамі Рэспублікі Беларусь! Такі наказ далі прысутныя госці вучням.
Мерапрыемства завяршылася ўдзелам вучняў у рэспубліканскай дыктоўцы, прымеркаванай да Дня народнага адзінства.
Ірына Міхайлаўна ЛЯЎШУК,
класны кіраўнік 9-га класа.
Дзятлаўскі раён,
Дварэцкая школа.