Шануем родную мову

Из нашей почты Новости

Тыдзень роднай мовы ў Хвінявіцкай школе пачаўся з акцыі «Размаўляй са мной па-беларуску», якой прынялі ўдзел усе вучні школы, а таксама настаўнікі і работнікі ўстановы.

Падлеткі, якія вывучаюць беларускую мову на павышаным узроўні правялі тэматычны майстар-клас і далі слушныя парады тым, хто размаўляе ў побыце на рускай мове.

Вучні 1–6-х класаў наведалі школьны этнаграфічны музей «Утульная хатка». Загадчыца музея правяла экскурсію на тэму «Аб родным краі роднай мовай». Падчас экскурсіі можна было дакрануцца да экспанатаў,  паспрабаваць сябе ў ролі гаспадыні ці гаспадара. папоўніць свой слоўнікавы запас.

Квэст-гульня «Фальклор, фальклор – душа народа» была арганізавана для вучняў сярэдніх класаў. Спаборнічалі паміж сабой дзве каманды «Васілёк» і «Беларусачка». Удзельнікі рухаліся ад станцыі да станцыі і паказалі свае веды вуснай народнай творчасці. Каманды падабраліся вельмі моцныя. На працягу спаборніцтва не ўступалі адна адной, але ўсё ж такі перамагла каманда «Васілёк». Многа новага даведаліся вучні гуляючы. Сяброўства ўмацавалася, і гэтаму спрыяла родная, беларуская мова!

Прайшоў конкурс творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю?» Вучні 10–11-х класаў у сваіх сачыненнях прызналіся ў каханні роднай зямлі, ўзгадалі гістарычнае мінулае краіны, продкаў, якія захавалі для нас гэты скарб. Не магчыма ўявіць сабе нашу Бацькаўшчыну без роднай мовы, якая фарміравалася стагоддзямі.

На працягу тыдня ў Хвінявіцкай школе працавала пляцоўка «Гучы,  беларускае слова!». Старшакласнікі знаёмілі ўсіх зацікаўленых з інфармацыяй, як развівалася беларуская мова. Яны ўзгадалі і беларускіх паэтаў-песняроў Якуба Коласа, якому сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння, і Янку Купалу, юбілей якога адзначаўся летам.  На перапынках гучалі выказванні пра родную мову.

Як яе не любіць?! Такую загадкавую і мілагучную, светлую і чыстую, нашу матчыну мову!

Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,

настаўнік.

Дзятлаўскі раён,

Хвінявіцкая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *