Патрыятызм – гэта глыбокае пачуццё любові да сваёй радзімы, свайго народа, яго звычаяў і традыцый, роднай мовы. Патрыятызм не закладзены ў генах чалавека як спадчыннасць – гэта выхоўваюць. Безумоўна, што аснова выхавання, у тым ліку і патрыятычнага, павінна закладвацца ўсям’і. На жаль, часта даводзіцца быць сведкай таго, як адбываецца страта маральных і духоўных каштоўнасцей, дамінуючымі становяцца матэрыяльныя здабыткі.
Пад дэвізам «Як ты дорага мне, мая родная мова» па ўсёй краіне прайшоў Тыдзень роднай мовы. Асноўная яго мэта – захаванне і папулярызацыя беларускай мовы сярод дзяцей, моладзі, грамадскасці. Далучылася да гэтай акцыі і наша ўстанова адукацыі.
Праграма тыдня была насычаная і разнастайная. Вучні прымалі ўдзел у акцыі «Гавары са мной па-беларуску», анлайн-чэленджы «Мова маёй краіны».Удзельнікі гульняў-квэстах «Фальклор, фальклор – душа народа» пазнаёміліся з асаблівасцямі вядзення гаспадаркі, прыладамі працы селяніна, прадметамі рамесніцтва. У час віртуальных падарожжаў школьнікі даведаліся аб жыцці і творчай дзейнасці вядомых беларускіх пісьменнікаў, асветнікаў, памятных мясцінах Беларусі. Яскравымі момантамі Тыдня сталі адкрытая дыстанцыйная акцыя «Чытаем вершы пра родную мову», марафон «Мова родная – мова модная», падчас якіх гучалі вершы і песні на роднай мове. Свае пачуцці да матчынай мовы выразілі ў паштоўках і лістах.
У бібліятэцы ў гэты час былі арганізаваны выставы: «Сімвал і гонар нацыі», «Майстар свайго слова», «Сэрцам роднага краніся». Прымеркаваны кніжныя паліцы да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа, славутаму земляку Максіму Гарэцкаму і іншым вядомым асветнікам, якія праславілі нашу краіну.
Адной з задач правядзення Тыдня роднай мовы з’яўляецца выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці, павагі да роднай краіны і роднай мовы. Многія вучні сваёй актыўнай дзейнасцю паказалі, што ведаюць родную мову, цікавяцца яе гісторыяй, гісторыяй роднага краю. А гэта азначае, што такія дзеці вырастуць годнымі людзьмі, сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.
Валянціна Аляксандраўна ПІСАРЭНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
г. Мсціслаў, школа № 2.