На заканчэнні Тыдня роднай мовы вучні 7-х класаў школы № 5 г. Ліды ўдзельнічалі ў літаратурнай гасцінай «Гучы, роднае слова» з запрашэннем паэтэсы, члена літаратурнага аб’яднання «Суквецце» Ганны Рэлікоўскай.
Вучні і настаўнікі дакрануліся да прыгожага, гучнага, напеўнага беларускага слова. Ганна Леанардаўна чытала свае вершы, расказала прысутным пра творчую дзейнасць, сваю малую радзіму. З вялікай павагай і любоўю гучалі словы пра старэнькую маці з вуст Ганны Рэлікоўскай. Яна перадала ў сваіх творах найлепшыя пачуцці да радзімы, да роднага слова, да мілых яе сэрцу людзей.
Семікласнікі з задавальненнем расказвалі на памяць вершы лідскай паэтэсы «Таткава мова, матулін напеў», «Мой горад, што іменем Ліда прыгожым завецца…», «Радзіме», «Калі ласка», «Лідскі замак», «Ах ты, восень, гарэзніца-восень…» і другія.
Актыўнасць вучняў, творчы падыход і цікавасць да роднага слова дапамаглі стварыць дзіўна цёплую і радасную атмасферу.
Ганна Леанардаўна пажадала вучням любіць сваю Радзіму, сваю мову і паважаць традыцыі беларускага народа.
Ларыса Сяргееўна ПАЎЛЮКЕВІЧ,
Лілія Люцыянаўна УГЛІЦКІХ,
класныя кіраўнікі 7-га «А» і 7-га «Б» класаў.
г. Ліда, школа № 5.