«Як ты дорага мне, мая родная мова!» – пад такім дэвізам прайшоў Тыдзень роднай мовы ў Масалянскай пачатковай школе.
Напярэдадні 3–4-х класаў далучыліся да напісання рэспубліканскага дыктанта, прымеркаванага да Дня народнага адзінства.
На працягу Тыдня праходзіла акцыя «Размаўляй са мной па-беларуску», у якой прымалі ўдзел вучні і ўсе работнікі навучальнай установы. Родная мова гучыла не толькі на ўроках, але і на перапынках, у час правядзення мерапрыемстваў і нават у сталовай. Цэлы тыдзень навучэнцы гулялі ў беларускія народныя гульні. Асабліва ім спадабаліся «Спрытнякі», «Блін гарыць!» і «Гуж».
Вялікую цікавасць вызвала гульня «Ці ведаеш ты сваю мову?». Вучні адправіліся ў падарожжа – на прыпынках «Адгадайкіна», «Перакладчыкі», «Пралеска», «Разважайкіна», «Фальклорны» удзельнікі каманд «Зычныя» і «Галосныя» разгадвалі загадкі, перакладалі з рускай мовы на беларускую, успаміналі гісторыю беларускай мовы, прыказкі, прымаўкі.
Вучні рыхтавалі і прэзентавалі віншавальныя паштоўкі «Пажаданні роднай мове». У час вырабу паштоўкі дзеці былі вельмі зацікаўлены, прадумвалі кожнае слова і кожную дэталь. «Беларуская мова, ты найпрыгажэйшая ў свеце! Працвітання табе!», «Жадаю, каб наша цудоўная мова жыла вечна!» – такія пажаданні атрымала наша родная мова ад вучняў.
Каб наблізіць нашага маленькага чытача да беларускай кнігі, бібліятэкарам І. Г. Канеўскай была арганізавана выстаўка літаратуры «Сэрцам роднага слова краніся»: казкі, апавяданні, вершы, навуковая літаратура па беларускай мове. Вучні з вялікай ахвотай падыходзілі, разглядалі ілюстрацыі і чыталі творы.
З асаблівым стараннем вучні і бацькі рыхтаваліся да гастранамічнага фэсту «Беларуская кухня». Клёцкі, дранікі, цыбрыкі, хрушчыкі, пірагі, блінчыкі, каша з гарбуза – беларускія народныя стравы, якія да гэтага часу не зыходзяць з нашага стала. Вучні прэзентавалі загатоўленыя імі стравы. Усе з задавальненнем частаваліся і абменьваліся рэцэптамі прыгатавання.
Пераможцы конкурсаў «Чытаем вершы пра родную мову», «Лепшы сшытак па беларускай мове», «Самы граматны» былі ўзнагароджаны граматамі і салодкімі прызамі.
Тыдзень роднай мовы скончыўся, але яшчэ доўга ў памяці будзе захоўвацца той святочны настрой, якім былі прасякнутыя ўсе мерапрыемствы. Вучні дружна адзначылі, што наша родная мова – гэта мова, якая павінна гучаць не толькі на ўроках і мерапрыемствах у школе, але і ва ўсім нашым жыцці.
Людміла Уладзіміраўна РАМАШКЕВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў.
Бераставіцкі раён
Масалянская пачатковая школа.