У Ладзеніцкай базавай школе прайшло старадаўняе земляробчае свята беларусаў – «Багач».
Вучні з’яўляліся не толькі слухачамі і гледачамі, але і актыўнымі дзеячамі святочнай праграмы. Удзельнікі клуба «Вытокі» прадставілі тэатральную пастаноўку аб тым, як нашы продкі святкавалі заканчэнне збору ўраджаю. У гэтыя дні яны падводзілі вынікі сваё летняй працы, ацэньвалі сабраны ураджай і дзякавалі багам і духам за дапамогу. Дбайны гаспадар імкнуўся да «Багача» закончыць усе палявыя работы, пачысціць і схаваць да вясны земляробчы інвентар, які у прыказках называецца «рагачом».
Галоўныя героі свята – жнейкі-дзяўчынкі, хлопчыкі-малайчынкі, самыя працавітыя ў вёсцы гаспадар і гаспадыня, не давалі адсядзецца гасцям у глядзельнай зале, а праводзілі гульні, загадвалі загадкі, складалі прымаўкі і прыказкі пра хлеб, ураджай, беларускія дары «восені». Вельмі спадабаліся ўсім гульні «Касьба», «Адгадай гародніну», «Млын». Завяршылася свята асвячэннем сімвала – «багача», які ставіўся паводле народных традыцый у хаце самага працавітага гаспадара да наступнага жніва. Народ верыў, што «багач» забяспечвае дому багацце і шчасце.
Ігар Аркадзьевіч КОМАР,
настаўнік геаграфіі і гісторыі.
Навагрудскі раён,
Ладзеніцкая базавая школа.