Што такое жыццё? Для чаго чалавеку яно дадзена? Чым павінна быць напоўнена? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы навучэнцы 8–11-х класаў Хвінявіцкай школы за філасофскім сталом, які прайшоў у межах месячніка «Твой выбар – тваё жыццё!».
Ганаровым госцем і мадэратарам гэтай сустрэчы з’яўляўся настаяцель Накрышскай царквы пратаірэй Мікалай. Святар падчас сустрэчы прыгадаў шмат жыццёвых выпадкаў, у якіх чалавек рабіў выбар, як пражыць сваё жыццё, чым займацца, з кім сябраваць, і як ад гэтага мяняўся яго лёс. Падчас філасофскага стала неаднаразова падкрэслівалася, што самая галоўная каштоўнасць у кожнага чалавека – гэта жыццё.
Менавіта ў падлеткавым узросце часта ўзнікае хваляванне, як справіцца з праблемамі, жыццёвымі сітуацыямі, у каго шукаць парады. Айцец Мікалай растлумачыў прысутным, якую ролю адыгрывае праваслаўная царква ў жыцці вернікаў. У яе сценах заўсёды можна знайсці спагаду і чуласць, падтрымку і разуменне.
Усё ў нашых руках. Мы павінны ніколі не спыняцца перад цяжкасцямі, а напаўняць наша жыццё цікавымі знаёмствамі, добрымі справамі, незабываемымі вандроўкамі. Жыццё для жыцця нам дадзена! І гэтым усё сказана.
Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,
настаўнік.
Дзятлаўскі раён, Хвінявіцкая школа.