Завітала восень

Из нашей почты Новости

Сонца свеціць не так ярка. Кожны дзень яно ўсё ніжэй і ніжэй ходзіць па небе. Лісце на дрэвах пачынае жаўцець, набывае розныя колеры і адценні. Ужо не трапечуцца над полем жаваранкі. Дожджык стукае ў вакенца, нясе нейкі пануры настрой. На вуліцы восеньскія дзянёчкі…

 

Актыў бібліятэкі Мазырскага дзіцячага дома рыхтуецца да свята пад назвай «Завітала беларуская восень у бібліятэку». Прыгожа ўбраны стол. Тут і рушнічок вышыты ляжыць, і ваза з восеньскімі кветкамі зіхаціць, садавіны рознай шмат, а лісточкаў столькі – быццам быў лістапад. Музыка ў бібліятэцы грае, дзяцей і дарослых на свята запрашае. Неўзабаве і Восень да нас на свята прыйшла, ды за сабой братоў-месяцаў прывяла. Кожны месяц (верасень, кастрычнік, лістапад) паведаміў аб сабе шмат цікавага і павучальнага. Чулі мы і народную мудрасць, і прыказкі ды прымаўкі, і восеньскія прыкметы, ды разгадвалі загадкі.

 

Потым дзеці гучна чыталі вершаваныя творы аб восені нашых беларускіх пісьменнікаў. З нейкім душэўным усхваляваннем у голасе даносіліся да слухачоў радкі восеньскіх вобразаў, яе хараство, яе каляровыя фарбы, яе яскравасць, яе прыгажосць. Пасля ўсе разам сталі ў гульню гуляць. Восеньскія дары з меха даставалі, ды закрытымі вочкамі назву давалі. Дзяцей вельмі забавіла гульня. Гоман, шум, задор, дзіцячы смех – ліўся з іх вуснаў. Пасля таго, як вялікі мех апусцеў, прыйшла прыгажуня Восень. Яна падзякавала за добрае свята,за веды пра цудоўную пару года, за прыемны настрой. У сваю чаргу прынесла для ўсіх асеннія пачастункі.

Алена Станіславаўна КАСЦЯНКА,

бібліятэкар.

г. Мазыр, дзіцячы дом.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *