Да юбілею Якуба Коласа

Из нашей почты Новости

Вучні 10–11-х класаў школы № 3 г. Навагрудка наведалі літаратурную гасцёўню, прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, уважлівага даследчыка чалавечай душы, натхнёнага песняра роднай прыроды, гарачага патрыёта Бацькаўшчыны – Якуба Коласа.

Мерапрыемства прайшло ў Навагрудскай раённай бібліятэцы. Вядучыя прапанавалі аднавіць свае веды аб жыцці і творчасці пісьменніка і даведацца пра цікавыя факты з яго біяграфіі. У час мерапрыемства гучалі вершы паэта ў выкананні артыстаў і гасцей сустрэчы.

Якуб Колас валодаў незвычайным талентам – талентам чалавечнасці, сардэчнасці і дабрыні. Дапытлівы і чулы, народны паэт любіў жыццё і людзей, імкнуўся аддаць ім агонь сваёй душы і шчодрасць сэрца. Пісьменнік бачыў жыццё ў яго няспынным руху, заўсёды ў дарозе, у творчым пошуку. І вучні змаглі праявіць свае творчыя здольнасці , адказваючы на пытанні віктарыны «Спяшайцеся з паэтам стрэцца». Прысутных здзівіў той факт, што Якуб Колас меў больш за 40 псеўданімаў.

Удзельнікі мерапрыемства «прайшліся» жыццёвымі сцяжынкамі народнага песняра, прыгадалі цудоўныя радкі з шэдэўра нацыянальнай паэзіі – паэмы «Новая зямля», зазірнулі ў таямніцы шчырай беларускай душы. Народная тэма найбольш глыбока і праўдзіва адлюстравана ў творы, выяўлены мары і жаданні людзей беларускай вёскі. Падчас інтэрактыву «Зямлі вялікай галасы» вучні спрабавалі вызначаць прылады народнага побыту, якія Якуб Колас апісваў у сваёй паэме.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу «Гаворыць сэрца роднай мовай», прымеркаваную да ўрачыстых мерапремстваў. Прысутныя мелі магчымасць пабачыць выданні твораў паэта розных гадоў, адчуць лірыка, філосафа, прарока, які заклаў устойлівы грунт для развіцця сучаснай беларускай літаратуры.

У Навагрудку, як і ва ўсёй нашай краіне, свята ўшаноўваецца памяць аб народным песняры. У гонар паэта ўсталяваны помнік у горадзе, яго імем названа вуліца.

Жыццё і літаратурная дзейнасць Я. Коласа – прыклад самаадданага служэння народу і Айчыне. Яго творчасць – выток святла, дабрыні і нязломнасці. Спадчына славутага пісьменніка па праве лічыцца крыніцай духоўнасці і натхнення для многіх пакаленняў. Мы спадзяёмся, што вучні будуць гэта памятаць.

Зоя Уладзіміраўна БЕЛУШ,

Дар’я Аляксандраўна КАРАВАЙ,

настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.

г. Навагрудак, школа № 3.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *