Беларусь – краіна замкаў

Из нашей почты Новости Онлайн-проект "Классный час с "Зорькой"

 

Класная гадзіна «Беларусь – краіна замкаў» пад дэвізам «Ведаць, памятаць, захаваць» прайшла у нас пры дапамозе фотаздымкаў і архіўных ілюстрацый са старонак любімай газеты «Зорька».

Мы былі прыемна здзіўлены, што на тэрыторыі нашай краіны такая вялікая колькасць сведкаў былой гісторыі. Завочнае падарожжа па гэтых памятных мясцінах уразіла кожнага з нас знешнім абліччам і архітэктурай будынкаў. Вядома, адразу ж захацелася пабываць у іх увачавідкі. Дарэчы сказаць, некаторыя з нас ужо пабывалі ў Гродзенскіх Старым і Новым замках, Лідскім і Мірскім замках разам з бацькамі. Вядома, мы мала што памятаем з гэтых экскурсій, але тое, што мы там былі, памятаем. Класны кіраўнік запэўніла, што вясной мы усе разам наведаем Гродзенскія замкі.

Потым мы знаходзілі словы з ілюстрацый у сетцы філворда. З літар, якія засталіся, склалі слова-пароль «ОТЧИЗНА». Кожны з нас наперабой выказваў сваё разуменне сэнсу гэтага слова. Аказалася, што мы мелі рацыю, настаўніца пахваліла нас і падвяла вынік сказанаму.

Потым мы яшчэ раз наведалі музей гісторыі ў палацы Марты Красінскай у нашам Свіслацкім парку, тым больш, што у хатнім заданні мы расказваць будзем менавіта пра яго.

Свіслацкі палацава-паркавы ансамбль — наша гісторыя, памяць, гонар!

Вёска Свіслач раскінулася на маляўнічых берагах ракі з аднайменнай назвай. Першыя пісьмовыя звесткі пра вёску Свіслач знаходзяцца ў «Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі» і адносяцца да 1558 года. За час свайго існавання вёска належала розным уладальнікам. Аднак самы значны след у яе гісторыі пакінуў род Пуслоўскіх. І да сённяшняга дня  гэта прозвішча  на вуснах вяскоўцаў.

У першай палове ХІХ стагоддзя вёска стала ўласнасцю Вандаліна Пуслоўскага. Род Пуслоўскіх – старажытны шляхецкі род герба “Шэліга”,  меў вагу не толькі ў Вялікім княстве Літоўскім, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Архіўныя дакументы, якія змяшчаюць звесткі аб маёнтку Вандаліна Пуслоўскага, датуюцца 1865, 1866 гадамі.

Пуслоўскія — знакамітае сямейства беларускай шляхты, якое славілася прадпрымальніцтвам і мецэнацтвам. Войцэх Пуслоўскі быў дэпутатам Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, паслом на Чатырохгадовым сейме. Гэта быў актыўны прадпрымальнік, уладальнік млыноў, бровараў, прадпрыемстваў па вытворчасці паперы, жалеза, сукна, шкіпінару, смалы. Ён першым у Беларусі стаў выкарыстоўваць паравыя рухавікі, актыўна займаўся будаўніцтвам дарог. Войцэх Пуслоўскі быў старшынёй Віленскага таварыства дабрачыннасці, будаваў касцёлы, замкі. Малодшы сын Войцэха, граф Вандалін Пуслоўскі, нейкі час валодаў маёнткам Свіслач. Вандалін славіўся як разумны, энергічны прадпрымальнік, прамысловец і мецэнат. Ён быў гарачым калекцыянерам, эстэтам. Вандалін сабраў багатую бібліятэку, якая налічвала дзясяткі тысяч тамоў. Пазней частку бібліятэкі ён перадаў у спадчыну дачцэ Марце. Кнігі захоўваліся ў Свіслацкім маёнтку, а ў 20-х гадах ХХ стагоддзя Марта перадала іх Гродзенскаму музею, дзе яны і цяпер знаходзяцца ў залатых фондах аддзела рэдкай кнігі і старадрукаваных выданняў. У гонар Вандаліна Пуслоўскага была названа невялікая вёска каля Свіслачы.  Яна і цяпер завецца Вандалінова.

 

У ХІХ стагоддзі маёнтак Свіслач стаў пасагам Марты, дачкі Вандаліна Пуслоўскага і Ядвігі Галамбек-Язерскай. Пасля таго, як яна выйшла замуж за Казіміра Красінскага, 20 чэрвеня 1882 года яна стала другой жонкай Казіміра Красінскага, Марта стала ўладальніцай Свіслачы. У маёнтку Марты Красінскай размяшчаліся спіртзавод, цагляны завод, завод па вытворчасці ганчарных труб і чарапіцы, маслабойня, ружоўнік і аранжарэя. Тут гадавалі племянных жарабцоў, якіх  пастаўляліся для патрэб кавалерыі.

На мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў, па ініцыятыве Марты Красінскай, на маляўнічым беразе ракі Свіслач пачынаецца будаўніцтва палаца, яго і сення называюць палац Марты Красінскай. Імя яго архітэктара не вядома. Палац пабудаваны ў стылі мадэрн. Ён складаецца з трох паверхаў і склепа. Архітэктар выбраў для сядзібнага дома свабодную, функцыянальна абумоўленую планіроўку, выкарыстоўванне стылізаваных элементаў готыкі. У будаўніцтве палаца выкарыстоўваліся мясцовыя матэрыялы — чырвоны і шэры граніт, вапняк, цэгла. Увесь цокальны паверх будынка складзены з па-майстэрску апрацаваных цагляных блокаў. Пры тым тыя з іх, якія размешчаны на франтальнай сцяне, даводзіліся да высокіх кандыцый з дапамогай бучарды — чатырохграннага металічнага малатка, дзве ўдарныя паверхні якога пакрыты пірамідальнымі зубцамі. Аконныя праёмы цокальнага паверха таксама выкананы з гранітных блокаў. Яны зманціраваны ў выглядзе арак, якія завяршаюцца так званым каменным замком уверсе па центры. Больш за 100 гадоў прайшло з таго часу, але і сёння  ні ў камянях, ні на стыках не заўважаны шчыліны і трэшчыны. 3 тыльнага боку будынка размешчаны пяць магутных гранітных калон амаль двухмятровай вышыні. У дыяметры кожная не менш за паўметра і важыць каля дзвюх тон. Усе яны выцесаны з суцэльных камянёў.

Пластычнае вырашэнне будынка заснавана на кантрасце розных па вышыні сцен са складаным па форме дахам. Вуглы дома аформлены контрфорсамі, вертыкальнымі выступамі для ўмацавання нясучай канструкцыі. Дзякуючы гэтаму, верхняя частка палаца больш вытанчаная, свабодная і дынамічная. Дваровы фасад палаца ўпрыгожаны галерэяй. Яе плоскі дах служыць балконам для памяшканняў другога паверху. Балкон цягнецца ўздоўж усяго фасада. Паверхі палаца злучаны лесвіцамі, якія размешчаны ў тарцах будынка. У часы графіні Красінскай у цокальным паверсе палаца знаходзіўся ліфт. Ён мог падымацца да ўзроўню трэцяга паверха і служыў для падачы наверх прыгатаванай на кухні ежы і ўсяго неабходнага для сервіроўкі стала.

У палацы было 60 пакояў. Столі і сцены некаторых памяшканняў былі ўпрыгожаны стукавай ляпнінай. Стук — гэта штучны мармур, які выкарыстоўваўся для ўпрыгожвання сцен. Ён вырабляўся з абпаленага і дробленага гіпсу, змешанага з клеем і прымесямі мармуровай пудры. Цестападобную масу наносілі на падрыхтаваную паверхню, а неабходную форму надавалі ёй шляхам лепкі. Затым ляпніну шліфавалі і паліравалі да бляску. Ляпніна Свіслацкага сядзібнага дома захоўвалася да пачатку 70-х гадоў XX стагоддзя. Але цяпер, на жаль, ад яе не засталося слядоў. Першапачатковае афармленне інтэр’ера не захавалася. Але старажылы яшчэ памятаюць насценны жывапіс у выглядзе амураў, анёлкаў і антычных пейзажаў, цудоўны мастацкі паркет, які  здзіўляў прыгажосцю і люстраным бляскам. Частка цокальнага паверха дома была занята кухняй, другая — клеткамі з кролікамі. А верхні паверх быў адданы пад развядзенне паштовых галубоў.

Вакол палаца размяшчаўся чатырохярусны парк на плошчы пяць гектараў на  роўнай тэрасе ракі Свіслач. Перад домам Марты Красінскай знаходзіцца парадны партэр, за якім уздоўж сада праходзіць грабавая алея шырынёй 10 метраў. З аднаго боку граніцай парка з’яўляецца  рака Свіслач, з другога — дарога. Першы ярус парка прадстаўлены соснамі і елкамі, якія гаспадараць тут і вызначаюць многія асаблівасці паркавага асяроддзя, другі – яблынямі, ліпамі, клёнамі, трэці — хмызнякамі ляшчыны, акацый, чацвёрты – травяністай расліннасцю і мохам.

 

Грабавая алея выконвала асноўную траспартную функцыю ў сядзібе. Яна была фармованай і не закрывала відарысы вялікага саду, што далучаўся да парку з усходу. Алея праходзіла ўздоўж сада перад парадным  партэрам  – адкрытай часткай парка ў выглядзе лужку з газонамі, кветнікамі, бардзюрамі з хмызнякоў. Па перыметру партэр быў аздоблены кулісным афармленнем ў выглядзе невялікіх груп дрэў з акцэнтуючымі дрэвамі-экзотамі. Насаджэнні парка былі прадстаўлены групамі дрэў, якія чаргаваліся з палянамі. У насаджэннях часта былі выкарыстаны расліны-экзоты – у групах або ў выглядзе салітэраў, г. зн. адзінкавых украпленняў. У масіве, што далучаецца да парку з паўднёва-усходняга боку, размяшчалася вялікая колькасць экзатычных раслін.  У пабудове кампазіцыі парка былі выкарыстаны прыёмы паступовага раскрыцця пейзажа, кантраста. Дызайнеры ўлічылі асаблівасці дрэў – іх афарбоўку ў розны перыяд года, форму кроны, хуткасць росту. У кампазіцыі парка гарманічна спалучаліся прыродныя і архітэктурныя элементы – рэльеф, рака Свіслач, дрэвы, хмызнякі, кветкі, пляцоўкі, збудаванні і скульптуры. У парку і цяпер растуць рэдкія для Беларусі экзатычныя дрэвы: ліпа амерыканская, клён востралісты Шведлера, чырвоны клён Рэйтэнбаха, хвоя Веймутава, ілжэтсуга карагана, белая акацыя і іншыя. 

 

Свіслацкі парк адносіцца да тыпу пейзажных, што падкрэсліваецца маляўнічай планіроўкай тэрыторыі і размяшчэннем зялёных насаджэнняў. Сядзібны дом Марты Красінскай і пейзажны парк у Свіслачы ўнесены ў “Залатое кальцо Гродзенскага раёна”.

 

Графіня Марта Красінская не жыла ўвесь час у Свіслачы. Сюды яна наведвалася з Варшавы толькі летам. Пра час свайго прыезду графіня паведамляла заранёў. I вось, у вызначаны дзень, на грабавай алеі, якая вяла да палаца, жыхары Свіслачы сустракалі легкавы аўтамабіль з Мартай Красінскай. Дарэчы, алея захавалася да гэтага часу.  Яе шырыня — дзесяць метраў. На працягу аднаго- двух месяцаў графіня жыла ў маёнтку, сачыла за вядзеннем гаспадаркі, ладзіла прыёмы, гутарыла з сялянамі. Днём яна аб’язджала наваколле на коннай брычцы, сустракалася з суседзямі. А вечарам адпачывала на балконе палаца і любавалася рэчкай ці выходзіла ў сад, дзе сярод дрэў стаяла ўтульная альтанка.

У Марты і Казіміра Красінскіх былі два сыны: Міхал (1883-1939) і Францішак         (1885г.). Каля 1900 года графіня пераехала ў Варшаву, дзе трымала мастацкі салон. Яна сама пісала творы і малявала. Перад Першай Сусветнай вайной яна выдала томік навэл пад псеўданімам Манкгут (так называўся радавы маёнтак Пуслоўскіх). На жаль, творы і карціны Марты Красінскай згарэлі падчас пажару ў Крулікарні пад Варшавай. Перад Другой Сусветнай вайной Красінская пераехала да сына ў Ніццу, дзе і памерла.

Апошнім уладальнікам Свіслачы быў старэйшы сын Марты Міхал Красінскі, які быў забіты 20 кастрычніка 1939 года ў Квасоўцы, суседняй вёсцы, і пахаваны на мясцовых могілках. Да нашага часу ў ЗША жывуць патомкі Марты Красінскай. У 2009 г. Свіслач наведвалі яе  ўнук Ян са сваім сынам Крыштафам. Яны былі прыемна здзіўлены станам бабулінай сядзібнай хаты і парка вакол яе.

У 1939 годзе былы маёнтак Марты Красінскай быў заняты праўленнем саўгаса «Свіслач». У 1940 годзе саўгас спыніў   сваю дзейнасць i быў расфарміраваны пад воінскія часткі. У чэрвені 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У час Вялікай Айчыннай вайны графскім маёнткам кіраваў немец. Вёска Свіслач была вызвалена 21 ліпеня 1944 года у ходзе Беластокскай аперацыі. 1 жніўня 1944 года саўгас «Свіслач » аднавіў сваю вытворча-фінансавую дзейнасць.

 

У наступныя гады тут знаходзіліся дзіцячы інтэрнат, пошта, бібліятэка, клуб. Да 1977 года на ўсіх трох паверхах дома пражывала 18 сем’яў. Вайна, пасляваенная разруха, паўсядзённае жыццё давялі палац да жудаснага стану. Працёк дах з праржавелай бляхі, а ў некаторых месцах даху наогул не было. Зніклі са сцен ляпніна і насценны жывапіс. Быў безнадзейна сапсаваны прыгожы мастацкі паркет. Вакол палаца, на лужках парку, мясціліся адрыны, куратнікі, клеткі з дамашнімі жывёламі, іншыя гаспадарчыя пабудовы збудаваныя з рознага хламу.

Ішлі гады, гаспадарка расла і ўзбуйнялася, да яе далучаліся другія вёскі і брыгады суседніх калгасаў.  За дасягнутыя пocпexi ў 1967 годзе Указам Прэзідзіума Вярхоўнага Савета СССР саўгас быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. З 1977 года сітуацыя пачала змяняцца. Новы старшыня саўгаса Васіль Мікалаевіч Густыр арганізаваў рэканструкцыю графскага дома. Былі расселены ў новыя кватэры жыхары палаца, ліквідаваны адрыны. Адначасова прыводзіўся ў парадак брук, яго пакрылі асфальтам. Жыхары Свіслачы расчысцілі закінутыя алеі, зарослыя хмызнякі пейзажнага парку. Сёння алея зачынена для праезду транспарта і з’яўляецца пешаходнай зонай. Частка алеі, якая прылягае да палаца графіні, пакрыта пліткай.  У палацы праведзены капітальны рамонт. Нажаль, аднавіць даваенны інтэр’ер палаца немагчыма, але цешыць тое, што палац жывы і працягвае служыць людзям.

У  цяперашні час  у гэтым будынку знаходзяцца праўленне СВК «Свіслач»,  музей гісторыі вёскі Свіслач, бібліятэка, сельскі дом культуры, танцавальная зала, філіял беларусбанка, гасцёўня.

На тэрыторыі парку знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні вёскі Свіслач у ліпені 1944 года. У 1958 годзе на брацкай магіле ўсталяваны помнік.

У 2002 годзе каля алеі, якая вядзе да палаца, пабудаваны рымска-каталіцкі касцёл Божай Літасці.

У тым жа 2002 годзе каля палаца з’явіўся сведка яшчэ больш старажытнай гісторыі — валун-волат, прынесены на нашы землі старажытным ледніком. Ён быў знойдзены ў пяці кіламетрах ад Свіслачы і ўсталяваны ў парку ў гонар 60-годдзя СВК “Свіслач”. Сёння  СВК  «Свіслач»  —  гаспадарка  высокай   культуры земляробства, адна з лепшых у рэспубліцы.

1 студзеня 2007 года на трэцім паверсе палаца па ініцыятыве  кіраўніка СВК «Свіслач» Васіля Мікалаевіча Густыра адбылося адкрыццё музея СВК “Свіслач”. Экспазіцыя музея складаецца з наступных раздзелаў: гісторыя памесця графіні Марты Красінскай, калгас “Свіслач” з 1944 па 1984 год, зала Вялікай Айчыннай вайны, зала народнай творчасці, беларуская хата. Кіраўніком музея з’яўляецца Зінаіда Лявонцьеўна Шыдлоўская.  Праца з архіўнымі дакументамі дазволіла дадаткова ўстанавіць імёны 241 воіна, якія загінулі пры вызваленні Свіслачы і напісаць іх на гранітных плітах. Дарэчы, сваякі загінуўшых воінаў частыя госці ў Свіслачы 9 мая. Гісторыі роду Пуслоўскіх — Красінскіх, уладальнікаў маёнтка Свіслач, адведзена значная частка матэрыялаў музея. У музеі ёсць іх радавод. Дзверы музея заўсёды адчынены для наведвальнікаў. Усе дэлегацыі, якія прыязджаюць у СВК «Свіслач», абавязкова зазіраюць у музей. Бывалі ў нас госці і з іншых краін — Францыі, Польшчы, Латвіі і іншых. У музеі ёсць «Госцевая кніга», дзе наведвальнікі пакідаюць запісы пра свае ўражанні ад музея. Мы таксама выказалі вялікую удзячнасць гаспадыні музея за цікавы аповед пра нашу малую радзіму.

Першапачатковае афармленне інтэр’ера не захавалася. Але дом яшчэ памятае  шумныя балі, прыёмы гасцей. Здаецца, яшчэ чутны галасы былых жыхароў дома, іх размовы, смех, слёзы. Шкада, што дом не можа  размаўляць…  

Гісторыя парку і сядзібнай хаты паступова зліваецца з сучаснасцю. Парк захоўвае старажытную гісторыю і з надзеяй чакае новых радасных падзей.

Вучні 3-га класа і

Ганна Сяргееўна ГВАЗДОЎСКАЯ.

Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *