У студзені на Гродзеншчыне прайшоў трэці (абласны) этап рэспубліканскіх алімпіяд па 18 прадметах.
Яшчэ з 5-га класа захапілася беларускай мовай і літаратурай. Любоў да роднага слова мне прывіла мая настаўніца Алена Аліеўна Смольская, якая адразу заўважыла мой талент у гэтай галіне навукі. З восьмага класа я актыўны ўдзельнічала ў раённых алімпіядах, конкурсах па роднай мове. У 9-м классе мне пашчаслівіла прайці на абласны этап алімпіяды па прадметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», але тады, на жаль, удача была не на маім баку. Менавіта тады, у студзені 2021 года, я дакладна вырашыла, што вярнуся ў гэтае месца зноў, каб узяць удачу ў свае рукі і вярнуцца дадому толькі з перамогай! Сказала – зрабіла…
9 студзеня 2023 года я зноў прыехала ў «самы салодкі» беларускі горад – Скідзель за заветным дыпломам. У першы дзень маленькім беларускім філолагам давялося напісаць водгук на верш Максіма Танка, на наступны дзень мы прыступілі да напісання комплекснай работы. І вось нарэшце – дзень падагульнення заданняў і вынікаў, якія так чакалі ўсе ўдзельнікі алімпіяды. Актавая зала, журы, мурашкі па скуры і неверагоднае жаданне перамагчы – эстэтыка, зразумелая кожнаму алімпіядніку. І вось галоўны момант: старшыня журы пачынае выклікаць пераможцаў…
Раптам я чую сваё прозвішча… Я нават не ўспомню, як выйшла на сцэну, на хвіліну здалося, што ногі перасталі мяне слухаць, а сэрца білася, як ніколі. Я стаяла там з пераможцамі, трымаючы ў руках дыплом, і толькі тады зразумела цытату: «У нашым жыцці няма нічого немагчымага»… Спадзяюся, сваёй гісторыяй я змагла вас зацікавіць.
Паважаныя сябры, за маімі плячыма ўжо амаль адзінадцаць скончаных класаў школы і неверагодная колькасць мерапрыемстваў, алімпіяд, канфірэнцый, конкурсаў. Думаю вам будзе цікава пачытаць мае школьныя парады.
Па-першае, прыслухайцесь толькі да свайго сэрца і зразумейце, што вам больш усяго падабаецца рабіць. Якой справай вы б маглі займацца ўсё жыццё? Не абавязкова ўдзельнічаць і перамагаць у прадметных алімпіядах. У нашай краіне ёсць шмат магчымасцей, каб знайсці і паказаць усім свой талент. Можа, вы добра малюеце? Магчыма, вы не ўяўляеце сваё жыццё без спорту? Ці спрабавалі вы праявіць сябе ў кулінарыі? Усе адказы толькі ў вашым сэрцы!
Па-другое, ХХІ стагоддзе не любіць сарамлівых і сціплых людзей. Не бойцеся паказаць сябе! Помніце цытату: «Трэба доўга стукаць у розныя дзверы – і хто-небудзь іх дакладна адчыніць для вас». У розных галінах навук ёсць вельмі таленавітыя людзі, аб здольнасцях якіх, на жаль, мы нічога не ведаем, бо яны саромяцца паказаць навакольнаму свету ўсе свае лепшыя бакі. А ёсць наадварот людзі з меншымі здольнасцямі, аб якіх ведае шмат людзей. Чаму? Усё вельмі проста: яны хацелі, каб пра іх даведаліся, яны стукалі ў кожныя дзверы на сваім жыццёвым шляху – і ім адчынілі іх!
Па-трэцяе, зразумейце, што ні пры якіх умовах нельга апускаць рукі! Пройгрыш — гэта не канец вашага жыцця, а хутчэй магчымасць для нечага большага, цікавага. Любая перамога любіць смелых людзей, якія плённа працуюць над сабой кожны дзень, не здаюцца, вераць у свае таленты і поспех. Запомніце на ўсё жыццё словы Янкі Купалы, таленавітага класіка беларускай літаратуры:
Будзь смелым, як вецер, як воля сама.
Знай, смелых не чэпе ні крыўда, ні цьма!
Яна ФІЛОНЧЫК,
вучаніца 11-га класа.
Карэліцкага раёна
школа г. п. Мір.