Фотарэпартаж з факультатыўнага занятку «Вытокі роднай мовы»
Паважаныя чытачы, мы знаходзімся ў 3-м класе Свіслацкай школы Гродзенскага раёна. Фотарэпартаж з факультатыўнага занятку «Вытокі роднай мовы» для вас вяду я, Ілья Саўчык, вучань гэтага ж класа.
Ужо трэці год мы наведваем факультатыўныя заняткі «Вытокі роднай мовы». Асноўнымі задачамі якіх з’яўляецца зацікаўленне вучняў роднай мовай, яе прыгажосцю і меладычнасцю; фарміраванне вялікага слоўнікавага запасу на лепшых узорах фальклору і нацыянальнай дзіцячай літаратурнай спадчыны; вучэнне праз роднае слова ўспрымаць свет вакол сябе і сябе ў ім, спасцігаць дабрыню і чалавечнасць у зносінах, павагу і пашану да сваіх родных, да народа, да Айчыны.
У першым класе мы гаварылі пра знешні выгляд і паводзіны лясных жыхароў Беларусі (зайца, вавёркі, вожыка, лісы, ваўка і інш.), звычкі хатніх жывёл (ката, пеўня, сабакі, казы, каровы і інш.), вучыліся асноўным навыкам абыходжання з імі. Вынік – у кожнага з нас ёсць хатні любімец.
У другім – падарожнічалі па садзе, кветніку, на агарод, луг, поле, лес, вадаём, на вуліцы і ў парк нашага аграгарадка. Даведаліся адкуль бяруцца яблыкі і бульба, што жыта паходзіць ад слова «жыць», чым вабіць лес, куды бяжыць ручаёк, наведалі Гродзенскі заапарк. Убачылі прыгажосць і багацце роднага краю, пазнаёміліся і гулялі ў беларускія народныя гульні.
Здавалася, чым нас яшчэ можа здзівіць настаўнік і падручнік?
Змест заняткаў у трэцім класе аб’яднаны агульнай назвай «Я жыву сярод людзей». Для нас важным становіцца больш глыбокае ўсведамленне асабістага «я», наяўнасці ў сябе станоўчых якасцей, разуменне сваіх магчымасцей. Вучымся асэнсоўваць добразычлівыя адносіны да сям’і, значнасць кожнага ў ёй чалавека (таты, мамы, сястры, брата, бабулі, дзядулі, іншых родзічаў), вучымся наладжваць добрыя адносіны з сябрамі, аднакласнікамі, настаўнікамі, суседзямі, незнаёмымі людзьмі.
Заняткі факультатыву «Вытокі роднай мовы» з першага па трэці клас праводзіць для нас настаўніца Ірына Аляксандраўна Лаўцэвіч. Тэма сённяшняга занятку «Дружная сям’я».
Распачалі занятак разгадваннем крыжаванкі «Мая сям’я». Патрабавалася разгадаць зашыфраваныя ў вершаванай форме словы: «тата», «мама», «сястра», «брат», «бабуля», «дзядуля», «дзядзя», «цёця». Першай справілася з заданнем Васіліна Леўчанкава.
Далей кожны з вучняў маляваў сваю сям’ю ў раздадзеных настаўніцай «вагонах». Прымацаваўшы «вагоны» адзін да аднаго, атрымаўся цягнік «Мая дружная сям’я». Самымі прыгожымі атрымаліся «вагоны» Вікі Пенталь і Надзі Яркоўскай.
Потым вучні па чарзе чыталі апавяданне У. Ліпскага «Машына сям’я» са сшытка на друкаванай аснове. Выразна, інтанацыйна правільна чыталі Лёша Даражэй і Багдан Кавальчук.
Усе вучні пачатковай школы, і нашага класа не выключэнне, любяць размалёўкі. Наступнае заданне патрабавала разфарбаваць у адпаведных колерах старэйшых членаў сям’і – бабулю і дзядулю. Апранутыя ў адзенне яркіх колераў і з вясёлай усмешкай на твары атрымаліся бабуля і дзядуля Ільі Кемяжука, Карыны Кавальчук, Цімафея і Ганны Мастыкіных.
У складанні кластэра «Сям’я» (знайсці сярод іншых словы, якія характарызуюць якасць шчаслівай сям’і: любоў, дабрыня, давер, клопат, разуменне, павага) вучні наперабой паднімалі рукі. Хутчэй за ўсіх знаходзілі словы Лёша Даражэй і Максім Лойка.
Закончыўся гэты цікавы занятак запаўненнем кветкі пажаданняў сваёй сям’і. Кожны вучань пісаў сваё пажаданне, а Аня Мастыкіна выходзіла да дошкі двойчы.
Занятак закончыўся, бадзёры настрой вучняў яшчэ доўга напаўняў клас. Сям’я – гэта самае дарагое для кожнага з нас і гаварыць пра яе мы можам бясконца.
Класную гадзіну «Зорька» – газета пра дзяцей і для дзяцей» мы, вядома ж, правялі і філворд разгадалі. У філворд не ўпісалася слова-пароль «тираж».
Вучні 3-га класа,
Ілья САЎЧЫК і
Ганна Сяргееўна ГВАЗДОЎСКАЯ.
Гродзенскі раён,
Свіслацкая школа.