Асалода роднай мовы

Из нашей почты Новости

21 лютага ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы

Гэта свята было абвешчана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO) 17 лістапада 1999 года. І ў сталічнай школе № 53 гэтае свята таксама «прагучала» – на нашай роднай мове, па-беларуску: аўторак 21 лютага пачаўся з акцыі «Гавары са мной па-беларуску!».

У фае вучняў сустракалі апранутыя ў нацыянальныя строі мае аднакласнікі (і выдатнікі да таго ж!) Аня Жыдкова і Міша Коўтун з добрай прапановай: «За беларускае слова – цукерачка!».

Вы бачылі вялікія бігборды з надпісам «Асалода роднай мовы» і беларускім перекладамі з рускай самых вядомых слоў: «земляника – суніцы», «крыжовник – агрэст», «дружба – сяброўства»? Дык вось: кожны жадаючы атрымліваў з рук Ані і Мішы цукеркі і адчуваў гэтую асалоду на самой справе! Не было ніводнага, хто адмовіўся пагаварыць па-беларуску, нават і без пачастунку.

Я вельмі ўдзячны нашаму класнаму кіраўніку Ніне Міхайлаўне Бандарук, выкладчыку беларускай мовы і літаратуры, якая зрабіла родную мову такой блізкай для нас. Мы не толькі займаемся мовай у школе, але вельмі часта ходзім разам з нашай настаўніцай ў тэатр, дзе глядзім спектаклі на роднай мове. Спачатку – глядзелі і… перакладалі тое, што чулі са сцэны. Але аднойчы зразумеў: магу чуць і разумець, мне не трэба перакладаць. Гэта быў маленькі цуд, калі па-сапраўднаму адчуў «асалоду роднай мовы».

“Якія цудоўныя назвы і словы, якая цудоўная родная мова! І ўсё мілагучна для слыху майго, і звонкае «дзе» і густое «чаго», — напісаў Пімен Панчанка. Мова, канешне, заслугоўвае самых сур’ёзных слоў, бо менавіта яна – галоўны сродак чалавечых зносін, мыслення, без яе няма развіцця культуры, навукі, ды і самога грамадства няма без мовы. Але часцей усяго аб ёй хочацца гаварыць менавіта вершамі. Вось паэт Ніл Гілевіч напісаў такія паэтычныя радкі – з любоўю і гонарам:

Я – беларус, і я шчаслівы,

Што маці мову мне дала,

Што родных песень пералівы

І зблізку чую, і здаля.

Пад гэтымі словамі так хочацца паставіць і свой подпіс –

На фото: Дзень роднай мовы у сярэдняй школу № 53 г. Мінска.

Сяргей ЛЕШКО.

г. Мінск, школа № 52, 11-ы клас «Б».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *