21 лютага ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Менавіта родная мова садзейнічае духоўнаму развіццю асобы дзіцяці, фарміраванню пачуццяў нацыянальнага гонару, з’яўляецца значымым сродкам засваення дзецьмі культуры свайго народа. З гэтай мэтай у дзіцячым садзе аграгарадка Ёдкі быў праведзены «Дзень роднай мовы».
У першай палове дня дзеці прынялі ўдзел у квэст-гульне “Па старонках роднай мовы”, у конкурсе чытачоў «Ёсць у кожнага мова, родная на векі». З вялікім задавальненнем наведалі бібліятэку аг. Ёдкі, дзе даведаліся шмат цікавага пра творчасць беларускіх пісьменнікаў.
У другой палове дня для бацькоў была арганізавана віктарына «Гучы, наша мова!». У ходзе якой яны адгадвалі назвы беларускіх страў і частаваліся імі, абмяркоўвалі беларускія народныя прыказкі і прымаўкі, чыталі вершы пра Радзіму.
Гэты дзень прынёс шмат пазітыўных і станоўчых эмоцый дзецям і бацькам. Спадзяемся, што ён застанецца ў іх памяці надоўга!
Анжаліка Леанідаўна СОКАЛ,
выхавацель дашкольнай адукацыі.
Лідскі раён, дзіцячы сад аг. Ёдкі.