Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Сёлетні прайшоў пад назвай «Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая!».
Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам «Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску». На ўрачыстай лінейцы лепшыя знаўцы беларускай мовы і літаратуры былі ўзнагароджаны медалямі за перамогу ў рэспубліканскай гульні-конкурсе «Буслік-2022». Імі сталі Ксенія Разанава (6 кл.), Яўгенія Радомская (8 кл), Дар’я Пятроўская (9 кл.), Яна Семянюк (10 кл.), Лізавета Белавус (11 клас).
Адкрылася выстава творчых работ «Мой родны кут, як ты мне мілы…». Юныя мастакі змаглі прадставіць маляўнічыя выявы прыроды ў розныя поры года і даказаць, што Беларусь непаўторная ў любы час.
Акцыя «Фізкультхвілінкі па-беларуску» аб’яднала ўсю школу: настаўнікі ўсіх прадметаў у гэты дзень праводзілі іх на беларускай мове. А яшчэ нельга было прайсці міма фотазоны «Інстаграм па-беларуску», для стварэння якой гімназісты знаходзілі выказванні вядомых беларускіх паэтаў пра мову. Хэштэгам сталі словы #БеларусьМіжнародныдзеньмовыгімназіяадзінста. На працягу ўсяго Тыдня ў бібліятэцы працавалі выставы «Пісьменнікам-юбілярам прысвячаецца…», «Люблю родную мову, люблю свой родны край».
Дэвізам другога дня стаў слоган «Роднаму слову – прызнанне ў каханні». Настаўнікі гімназіі і вучні 10–11-х класаў прынялі ўдзел у абласным дыктанце «Музейная гара». Усе ўдзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень ведання мовы.
Аказалася, што не так проста для вучняў 6-га класа адкрываюцца «Таямніцы родных слоў», якія былі прадстаўлены ў выглядзе рэбусаў.
У гэты дзень стартаваў і анлайн-чэлендж «Радзіма ў маім сэрцы», у якім прынялі ўдзел тыя, хто ўмее не толькі бачыць прыгажосць, але і зафіксаваць гэтыя імгненні на фота, згадзіцеся, на нашай Бацькаўшчыне такіх мясцін многа-многа, яны паўсюль. Умець бачыць – таксама талент.
Колькі досціпу, жартаў, самабытнасці беларусаў было на гульні «Чароўны квадрат», якая праходзіла ў 8-м класе! Шчаслівыя вочы дзяцей – сведчанне іх неабыякавасці і недарэмнасці нашай настаўніцкай працы, нашага агню. Як жа яшчэ іначай запаліць цікавасць сучаснай моладзі да старажытных святаў?
Трэці дзень «Мова родная – мова модная» дадаў новых фарбаў тыдню. Стартаваў анлайн-конкурс «Паэзіі радок чароўны», у якім прынялі ўдзел вучні, якія любяць выразна чытаць і ўмеюць гэта рабіць. Гімназісты самастойна здымалі відэа і дасылалі на сайт гімназіі. Напрыканцы тыдня анлайн-галасаваннем вызначаны пераможцы. Імі сталі Дар’я Бурдун (7 клас), Паліна Касіла (7 клас), Златаслава Лагуцік (10 клас).
А вось пачаткоўцы нашы вандравалі ў гэты дзень па краіне беларускіх казак і спасцігалі вопыт нашых продкаў. Вучні 3-га класа прынялі ўдзел у інтэлектуальнай «Гульні слоў». Мерапрыемства для малодшых гімназістаў было вельмі адказным, таму што ў якасці жюры былі настаўнікі пачатковых класаў са школ Дзятлаўскага раёна.
Чацвёрты дзень тыдня прайшоў пад слоганам «З легенды і казак былых пакаленняў…». У гэты дзень для гімназістаў 8–11-х класаў прайшла анлайн-алімпіяда па беларускай мове і літаратуры, размешчаная на сайце гімназіі. Для выканання заданняў адводзілася 45 хвілін. Дыплом І ступені атрымалі Ганна Сіневіч (8 клас), Яна Семянюк (10 клас). Дыплом ІІ ступені –Лізавета Пчэльнік (11 клас), Лізавета Сарока (11 клас), Паліна Загдай (11 клас).
Экскурсія ў гімназічны музей пазнаёміла вучняў 5-га класа з культурай і побытам нашых продкаў. Вучаніца 11-га класа Лізавета Белавус правяла сустрэчу, выступіўшы ў ролі гаспадыні беларускай хаткі.
Завяршыўся тыдзень конкурсам паштовак «Пажаданні роднай мове».
Правядзенне Тыдня беларускай мовы і літаратуры дазваляе гімназістам актуалізаваць веды па беларускай мове і літаратуры, паказаць узровень эрудыцыі, задаволіць сваю цікаўнасць, пашырыць кругазор, захапіцца прыгажосцю беларускага мастацкага слова. А колькі цікавага і захапляльнага чакае яшчэ гімназістаў на працягу ўсяго навучальнага года!
Аксана Іосіфаўна ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
г. Дзятлава, гімназія № 1.