Да дня нараджэння беларускага пісьменніка, паэта, сатырыка, драматурга, перакладчыка, грамадскага дзеяча, літаратуразнаўцы Кандрата Крапівы вучні 10-га класа «А» школы № 7 г.Навагрудка падрыхтавалі інсцэніраваныя ўрыўкі з сатырычнай камедыі «Хто смяецца апошнім».
Гэта твор пра чалавечнасць і адданасць вучоных сваёй справе, пра мужнасць змагацца са страхам, бесчалавечнасцю сістэмы, якую ўвасабляюць Гарлахвацкі і Зёлкін, і перамагаць гэты страх вядомы не аднаму пакаленню. Твор дае адказ на пытанне жыцця: хто смяецца апошнім? Хто пераможа зло? Што неабходна, каб перамагчы зло і смяяцца апошнім?
Юныя акцёры вельмі лёгка змаглі пераўвасобіцца ў герояў п’есы, трымаліся ўпэўнена і ігралі свае ролі натхнёна, з запалам і за гэта атрымалі бурныя воплескі гледачоў.
Пастаноўка выклікала зацікаўленасць творчай спадчыннай класіка беларускай літаратуры – Кандрата Крапівы. Можна з упэўненасцю сказаць, што твор гэты геніяльны, а праблемы, узнятыя ў ім, вечныя і надзённыя, урокі, якія дае нам Крапіва-філосаф, вельмі карысныя і патрэбныя.
Юным гледачам пастаноўка ў выкананні старшакласнікаў запомніцца надоўга.
Валянціна Віктараўна МАНЮК,
настаўнік беларускай мовы,
г. Навагрудак, школа № 7.