Кожнаму чалавеку даецца імя. Яно адлюстроўвае яго ўнутраны свет, але і чалавек падладжваецца пад сваё імя. Сёння хачу пазнаёміць вас з дзяўчынкамі, якія вучацца ў Беліцкай школе Лідскага раёна, дзвюма Ксеніямі – Валынец і Васько. Калі перавесці значэнне імя “Ксенія”, то яно абазначае вандроўца. Метавіта таму Ксеніі вільмі цікавяцца гісторыяй, любяць сваю малую радзіму, шмат ведаюць аб яе мінулым, дзеляцца гэтымі ведамі з сябрамі. У гэтым годзе Васько Ксенія і Валынец Ксенія прымалі ўдзел у раённым этапе Х адкрытай абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. Трэба адзначыць, што падрыхтоўка да такой значнай падзеі вялася даўно. Гістарычнае мінулае Беліцы і бліжэйшых вёсак – вельмі спрыяльная глеба для вывучэння, бо яно налічвае не адно дзесяцігоддзе цікавых, часам смутных падзей, але ўсё гэта – гісторыя, і ніводнага лістка з яе не змяніць і не выкрасліць. Хачу адзначыць, што на тэрыторыі Беліцкай сярэдняй школы ёсць гісторыка – этнаграфічны музей “Спадчына”, якім кіруе Валюк Часлава Іосіфаўна, дзе сабраны многія гістарычныя факты, пастаянна вядуцца даследчыя работы па вывучэнні «белых плям гістарычнага мінулага нашай і бліжэйшых вёсак». Многія экспанаты Беліцкага вясковага музея – штучныя, які па вялікай выпадковасці дайшлі ў першапачатковым выглядзе да нашых дзён. Вельмі прыемна, што нашы школьнікі не забываюць гісторыю малой радзімы, бо без ведаў і шанавання мінулага няма будучыні.
Гісторыя многіх беларускіх вёсак адыходзіць у мінулае, бо жывых яе сведкаў застаецца ўсё менш і менш. Бераг Нёмана — Бацькаўшчына многіх вядомых людзей, і таму нельга аддаць забыццю гэтае каштоўнае мінулае. Селета дзве работы ўдзельнічалі ў канферэнцыі і, у ліку іншых, прызнаны пераможцамі раённага этапу X адкрытай абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі «Край Гарадзенскі » і ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Лідскага раённага выканаўчага камітэта. Работа Валынец Ксеніі, навучэнкі 8 класа, у секцыі ”Геаграфічнае краязнаўства»:“ Па Нёмане ў Панямонцы”, кіраўнік Леошка Тэрэза Казіміраўна, — 1 месца; Васько Ксеніі, навучэнкі 11 класа, секцыя “Гісторыя населеных пунктаў Гродзеншчыны”, ”Халакост у гісторыі вёскі Беліца Лідскага раёна Гродзенскай вобласці”, кіраўнік Губарэвіч Наталля Сцяпанаўна, — 2 месца. Віншуем вас, нашы Ксеніі, жадаем цікавых і значных адкрыццяў, перамог, здзяйсненняў мары і мірнага неба над галавою. Так трымаць!
Іна Анатольеўна ВАЙЦЕХОЎСКАЯ,
настаўнік мастацтва.
Лідскі раён,
Беліцкая школа.