Гуканне вясны

Из нашей почты Новости

Прыйдзі, прыйдзі, Вясна, прыйдзі, прыйдзі, красна, к нам у таночак!

Прынясі нам збожжа, прынясі нам красак, каб звіць вяночак!

Вёсачка Палата, што знаходзіцца ў Полацкім раёне, падобна да скарбонкі народнай. У ёй жывуць людзі, якія ведаюць шмат народных свят, абрадаў, звычаяў, прыкмет. І гэтыя веды яны беражліва перадаюць дзецям, вучням Палатоўскай школы, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі фальклорнага калектыву “Знічка”.

Беларускі фальклор – гэта народная мудрасць. Сення ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Знічка” паспрабавалі адрадзіць народнае свята “Гуканне вясны”.

Заклічкі вясны – гэта адно з прыгожых народных свят, якое вядзе свой пачатак з язычніцкіх часоў. Працоўны год у старажытных славян вызначаўся тымі натуральнымі падзеямі, што даюцца самой прыродай. З вясны пачыналіся новыя клопаты аб будучым ураджаі, вясной абуджалася прырода. І ад таго, наколькі цёплай і ўдалай будзе вясна, залежылі дабрабыт і лад жыцця селяніна. Яе надыход бачылі ў пералётных птушках: жаўруках, буслах, ластаўках.

З першых сакавіцкіх дзён і пачынаўся ў старажытнасці цыкл веснавых святаў. Распачынаюцца веснавыя абрады з гукання вясны. У гэтыя дні дзяўчаты спявалі песні, заклікаючы вясну  прыляцець з цёплым летам:

”Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце,

Каб сонейка засвяціла, каб снег белы растапіла,

Каб садзікі расквяціла …Гу-у-у…”

Абрад “Заклічкі вясны “ прыходзіўся на Благавешчанне.  У гэты дзень моладзь збіралася групкамі на грудах ці ўзгорках за сялом або дахах клецяў, пуняў ці на ўзвышшах. Яны  спявалі свае песні, так званыя вяснянкі, гулялі ў гульні, вадзілі карагоды.

Перад тым, як пайсці заклікаць вясну, дзяўчаты павінны былі папрасіць дазволу ў маці, яе блаславення:

“Пусці, пусці, маці, вясну заклікаці,

 Вясну заклікаці – зіму адпраўляці…”

Песні выконваліся пераважна дзяўчатамі, і ў гэтым быў асаблівы сэнс. Надыход Вясны  падобны прыгажосці дзявочай.

Вельмі цікавым атрымалася свята гукання вясны і ў нас. У час падрыхтоўкі ўдзельнікі калектыву “Знічка” даведаліся шмат цікавага пра сімволіку і традыцыйную культуру свята, пазнаёміліся з песнямі-заклічкамі вясны, жартамі, прыказкамі, загадкамі, прымеркаванымі да гэтага абраду, яго прыкметамі:                                                 

На Мацея – дарога  пацее.

На саракі дрэвы адпускаюцца.

На Ляксея рыба хвастом  лёд падымае,

А на Благавешчанне бусел прылятае.

У нашым Паазер’е  маўлялі так: “Жаваронак прылятае на праталіну, шпак – на прагаліну,  жораў – з цяплом, а ластаўка з лістом”.

Дзяўчаты  спявалі песні: ”Ой, ты, вясна, ты красна”, “Блаславі, маці, вясну заклікаці”, “Вясна-красна наставала”, “Свяці, свяці, сонейка”, Жавароначкі, прыляціце”,  вадзілі карагоды, упрыгожвалі дрэўца. Хлопцы гулялі на свісцёлках і дудачках. У час свята гучала беларуская дуда, гармонік. Потым усе разам гулялі ў гульні  “А мы просу сеялі”, “ Гусі ляцяць”,  частаваліся пірагом.

Многа яшчэ можна гаварыць пра вяснянкі, пра іх паэзію, вобразы, музычную мову, манеры выканання. Аднак не гэта галоўнае. Галоўнае тое, што да нашых дзён на Беларусі  дажылі яскравыя ўзоры ўнікальных твораў душы чалавечай, што сведчаць пра важнае значэнне Вясны, веснавых абрадаў у жыцці чалавека. І ўсё гэтае перададзена і вывучаецца нашымі дзецьмі.

Валянціна БАЕВА,

кіраўнік узорнага фальклорнага калектыва “Знічка”

Полацкі раён, Палатоўская базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *