Патрыятызм, грамадзянскасць пачынаюцца з сям’і, з маці, бацькі, з бацькоўскага асабістага прыкладу, з працы на зямлі, з павагі да старэйшых, сваёй сям’і, дзядоў, прадзедаў, а таксама са школы, дзе першая кніжка, дзе дзеці робяць першыя крокі ў свет ведаў, дзе спазнаюць свет, сваю краіну, яе культуру, звычаі, традыцыі. Экскурсіі, якія ладзяцца ў нашай школе, становяцца прыступкай у выхаванні ў маладога пакалення асобасных патрыятычных якасцяў.
Экскурсія на вясенніх канікулах, арганізаваная настаўнікам гісторыі, кіраўніком аб’яднання па інтарэсах «Юныя краязнаўцы» Сяргеем Пятровічам Кулаевым, была накіравана на азнаямленне навучэнцамі з гісторыяй вёскі Сапяжынка.
Цікавай з’яўляецца легенда ўзнікнення дадзенага населенага пункта. Даўным даўно вёску для сваёй жонкі пабудаваў Сапега. Дом жонцы Сапега загадаў размясціць на самым высокім месцы. Таму і назва вёскі пайшла ад словазлучэння «сапегава жынка» або «сапегі жынка». Вёска раскінулася на курганным могільніку-1 і курганным могільніку-2 перыяду ранняга сярэднявечча, якія датуюцца X–XIII стагоддзямі, якія знаходзяцца на паўночнай ускраіне вёскі. У вёсцы Сапяжынка ў часы Айчыннай вайны 1812 года знаходзіўся штаб другой рускай арміі пад камандаваннем князя П. І. Баграціёна. У гонар гэтага ў вёсцы ўстаноўлены помнік. У Сапяжынцы ў часы Вялікай Айчыннай вайны былі расстраляны яўрэі. У памяць аб ахвярах генацыду ўстаноўлены помнік. Захаваўся ў вёсцы будынак яўрэйскай школы (хедэр). Сапяжынка раскінулася на маляўнічым беразе Дняпра, які зараз заліты вадою. Утварылася сапраўднае вясенняе беларускае мора. Паўз Дняпро, на былой берагавой дняпроўскай лініі можна знайсці акопы, ДОТы часоў Вялікай Айчыннай вайны… Вось аб усім гэтым ў час экскурсіі расказаў Сяргей Пятровіч сваім вучням.
Жывое знаёмства з мясцовымі помнікамі, славутымі месцамі, гісторыяй Сапяжынкі выклікала самыя станоўчыя і яркія эмоцыі ў юных даследчыкаў роднага краю.
Алена Уладзіміраўна ЦЫВІЛЬКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Быхаўскі раён,
Макранская школа.