Вывучаем гісторыю

Из нашей почты Новости

Па календары вясна доўжыцца тры месяцы. Але насамрэч яна настолькі кароткая, што яе лёгка прапусціць. Прыход вясны адчуваецца адразу: не хочацца сядзець у класе і рабіць урокі дома. Замест гэтага хочацца бегчы на вуліцу і атрымліваць асалоду ад промней ласкавага вясновага сонца. Нібыта тое ж сонца, як і заўсёды, але ад яго святла і цяпла становіцца асабліва прыемна. А неба раптам губляе зімовую шэрасць і робіцца па-летняму блакітным.

Многія перамены проста немагчыма было б заўважыць, калі б не вясновыя канікулы. Кожны дзень прыносіў навіны: то гурба каля дома растане, то з’явіцца новы ручай, то ў верхняй частцы двара ўтвараецца праталінка. На пару дзён у гэтыя канікулы вярталася зіма. Але сумаваць не даводзілася, таму што ў маіх планах было з’ездзіць на экскурсію з сябрамі з аб’яднання па інтарэсах «Падарожнік» у горад Смаргонь і Крэўскі замак.

Мы здзейснілі сапраўднае падарожжа не толькі ў часе, але і, здавалася, у іншы кліматычны пояс. У нашым родным горадзе пануе зіма, а ў Гродзенскай вобласці — вясна ўступіла ў свае правы. У нас – сумёты, а ў іх – сонца такое яркае, так цёпла, здаецца… І птушкі спяваюць!

Супрацоўнікамі гісторыка-краязнаўчага музея ў Смаргоні для нас была арганізавана пешая экскурсія па горадзе з наведваннем музея, цэнтральнай плошчы горада, адкуль адкрыўся надзвычайны від на ўсе галоўныя гарадскія славутасці! Тут і касцёл, і царква, і пратэстанцкі сабор!

Наступным пунктам нашай экскурсіі стала знаёмства з руінамі Крэўскага замка – аднаго са старэйшых беларускіх замкаў, створанага ў пачатку XIV стагоддзя, цалкам пабудаванага з каменя. Яшчэ з падручнікаў па гісторыі я памятаў, што ў Крэўскім замку разгортваліся знакавыя падзеі беларускага Сярэднявечча – у 1385 годзе тут паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім была падпісана знакамітая Крэўская унія. А падчас экскурсіі па руінах Крэўскага замка, мы даведаліся некалькі цікавых легенд, у тым ліку гісторыі пра падземны тунэль з замка да Вільні і пра прыгажуню, якую замуравалі жывой у сценах замка. Сёння замак часткова аднаўляецца. Але што нас здзівіла, дык гэта становішча самога будынка, бо вакол узгоркі, а ён у нізіне.

Нам усім вельмі спадабалася такая комплексная экскурсія. Свае вясновыя вакацыі я правёў вельмі цікава і весяла. Большую частку майго адпачынку складалі займальныя экскурсіі, паездкі і прагулкі з сябрамі.

Ілья ЗМАЧЫНСКІ,

вучань 6-га класа,

г. Дзяржынск, гімназія.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *