Мой слаўны продак

Новости Проект "Голос поколений"

Міша – звычайны вясковы хлопец гадоў шаснаццаці. Родам з вёскі з прыгожай назвай Баравая. Сям’я вялікая: у бацькоў чатыры сыны і дачка. Бацька быў старшынёю калгаса, рэпрэсіраваны (рэабілітаваны пасля вайны). Маці памерла пасля нараджэння Мішы. Але, нягледзячы на гэта, усе дзеці вывучыліся, цвёрда сталі на ногі. Іван набыў спецыяльнасць бухгалтара, Вера – рахункавода, Сяргей – чыгуначніка, Рыгор – паштовага работніка. Яго назначылі начальнікам аддзялення сувязі. А Міша – самы малодшы – яшчэ вучыўся ў школе.

У яго былі простыя хлапчуковыя заняткі: пасвіць кароў, са старэйшымі братамі ездзіць у лес па дровы, а ў вольную хвіліну – з сябрамі вудзіць рыбу. Яго жыццё падобнае на жыццё многіх падлеткаў. Толькі дзяцінства яго прышлося на цяжкі час – гады Вялікай Айчыннай вайны, больш за 80 гадоў назад.

Страшныя ўмовы выжывання, пагроза жыццю пераварочваюць усё з ног на галаву. Той, хто ўчора бесклапотна забаўляўся, становіцца адважным абаронцам сваёй зямлі. Так здарылася і з Мішам. Ён стаў правадніком партызанскай групы Карасёва, а потым трапіў у атрад Каржа.

Міша быў смелым і знаходлівым. Аднойчы ён здорава дапамог Карасёву. Калі група партызан ішла на засаду, хлопец вяртаўся з-пад Жыткавіч, куды праводзіў другіх байцоў. Міша вызваўся давесці да тракта і людзей Карасёва. І ўжо пры самым падыходзе да месца засады Мішу, які ішоў метраў за сто наперадзе партызан, схапілі варожыя аўтаматчыкі. Было іх каля васьмідзесяці. Партызаны не маглі ўступіць у бой, бо іх было значна менш, чым фашыстаў. Ворагі дапытвалі Мішу, нават білі, але ён цвёрда стаяў на сваім:

– Ішоў дадому, заблукаў у лесе. Жыву ў вёсцы Баравая.

Трымалі хлопца дзён пяць. Але Міша нікога не выдаў. Гітлераўцы ўпэўніліся, што ён сапраўды жыве ў той вёсцы, ды і адпусцілі.

 

Пасля сам Васіль Корж пахваліў юнага партызана. З таго часу прозвішча Некрашэвічаў выклікала давер у атрадзе. І калі да «камароўцаў» (так зваліся байцы Каржа) захацеў далучыцца брат Іван, яго прынялі з ахвотай. Тым больш, што прыйшоў хлопец не з пустымі рукамі. Убачыўшы дзве вінтоўкі, добра змазаныя і загорнутыя ў старую прасціну, партызаны ўпэўніліся, што Некрашэвіч умее абыходзіцца са зброяй. Тут жа Іван атрымаў сваё першае заданне: разам з групай даставіць у атрад здрадніка. На другі дзень у адзінаццаць гадзін раніцы партызаны вярнуліся з уловам.

Калі сям’і Некрашэвічаў пачала пагражаць небяспека – братоў вымушалі служыць у паліцыі – партызаны забралі іх з сястрой у лес. Прыйшлі ноччу. Па ўспамінах, выглядала працэсія даволі весела. Спераду – малодшы Міша вёў на вяроўках дзвюх вялікіх авечак, па-гаспадарску схамутаўшы іх. Яму дапамагала Вера. Рыгор нёс цяжкі вузел з бялізнай, чыгункамі і патэльнямі. А два Іваны (Некрашэвіч і Чуклай) згіналіся пад цяжарам мяхоў з крупою і мукою. Навічкі знялі свае ношы. Іван Некрашэвіч іх пастроіў і далажыў:

– Таварыш камандзір, аддзяленне Некрашэвічаў прыбыло для прахаджэння партызанскай службы!

А вясной 1942 года ў атрад прыйшоў і брат Сяргей. Яго вопыт чыгуначніка вельмі спатрэбіўся партызанам. Так у атрадзе ўтварылася цэлае аддзяленне камсамольцаў Некрашэвічаў. Кожны з іх стараўся ўнесці свой уклад у справу Перамогі.

Той Міша з 40-х гадоў – мой прадзядуля Міхаіл Аляксеевіч Некрашэвіч. Яго лёс уразіў мяне. Замест школы, першага кахання, танцаў ён, як і многія юнакі і дзяўчаты таго часу, бачыў вайну і гібель людзей. Гарачыя юнацкія сэрцы не засталіся раўнадушнымі да народнай бяды. Пра подзвігі майго продка расказалі мама і бабуля Святлана – дачка Міхаіла Аляксеевіча. Яна беражліва паказала мне фотаздымак, з якога глядзяць пяць ветэранаў. Гэта сям’я Некрашэвічаў. У кожнага на грудзях медалі. Пасля вайны Міхаіл пераехаў з роднай Піншчыны ў Ляхавіцкі раён, стварыў сям’ю, працаваў бухгалтарам.

Пра партызан Некрашэвічаў я прачытала і ў кнізе Кацярыны Спірыдонаўны Корж, жонкі Васіля Каржа. Кніга называецца «Вся жизнь – Отчизне». У ёй расказваецца аб тым, як ствараўся і дзейнічаў атрад «камароўцаў», якія людзі траплялі да партызанаў, якую навуку сумленнасці і здрадніцтва праходзілі на вайне. А назву кнігі, напэўна, можна лічыць жыццёвым дэвізам кожнага яе героя. І сапраўды: яны жылі для Радзімы. І ў ваенны, і ў мірны час рабілі ўсё для славы і моцы Айчыны, абаранялі і будавалі родны край.

Анастасія ЯСІНСКАЯ,

карэспандэнт школьнай газеты «Новы погляд»,

Ляхавіцкі раён, Начаўская школа.

Проект реализуется при финансовой поддержке в соответствии с Указом Президента Республики Беларусь № 131 от 31 марта 2022 года.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *