Вясна ў маёй роднай вёсцы Грушаўка вельмі прыгожая. Ля прызбаў хат выглядаюць сінія гіяцынты і жоўтыя нарцысы, ганарліва ўздымаюць галовы чырвоныя цюльпаны. Пачынаюць дружна перашэптвацца зялёныя лісточкі на дрэвах, слівы і вішні прыбіраюцца ў белыя сукенкі, а за імі колеравую эстафету падхоплівае залаты рапс.
За ўсёй гэтай прыгажосцю спакойна назірае драўляны маёнтак Рэйтанаў, што захаваўся ў Грушаўцы яшчэ з ХVІІІ ст.
З адкрытых крыніц (газет і інтэрнэту) я даведалася, што Рэйтаны з’явіліся ў нашай мясцовасці ў ХVІІ ст. Фальваркі былі атрыманы імі за ваенную службу падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй у 1620-х. Значную пасаду займаў бацька Тадэвуша – Дамінік Рэйтан. Ён быў падкаморыем наваградскім (на сучасны лад, намеснікам старшыні аблвыканкама). Акрамя таго, ён быў сябрам дзяцінства вялікага гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Натуральна, што сам Тадэвуш Рэйтан з дзяцінства сябраваў з Каралем Станіславам, вядомым як Пане Каханку – сынам Міхала Казіміра.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў грушаўскім маёнтку быў дом адпачынку для нямецкіх афіцэраў. Магчыма, гэта і выратавала яго ад знішчэння. Пасля вайны ў цэнтральнай частцы дома была ўправа калгаса, а ў астатніх памяшканнях жылі людзі, у тым ліку і мая бабуля Крысціна.
Сёння вельмі прыемна прайсціся па сцежках у цяні векавых дрэў – усюды наведзены парадак. Звонку маёнтак стаў выглядаць свежа і нават святочна. Нібы падміргвае сваімі абноўленымі вокнамі і хоча ветліва адчыніць разьбяныя дзверы. Хочацца, каб унутры стварылі які-небудзь культурны аб’ект, куды пацягнуцца турысты, а вёска стане месцам прыцягнення творчых і таленавітых людзей. Няхай усе ўбачаць, якая прыгожая грушаўская вясна.
Мілана МАХНАЧ,
карэспандэнт школьнай газеты «Новы погляд»,
Ляхавіцкі раён, Начаўская школа.