Класная гадзіна «Беларусь мая сінявокая», якая адбылася ў нашым класе ў пачатку мая, уразіла кожнага з нас расказам настаўніцы пра колькасць вялікіх і маленькіх азераў Беларусі, іх прыгажосць, разнастайнасць іх жывёльнага свету.
Мы даведаліся, што самае вялікае возера Беларусі – возера Нарач (79,6 кв. км), самае глыбокае – возера Доўгае (53,7 м). Мы прачыталі пра самыя знакамітыя азёры Беларусі на тваіх старонках, «Зорька»! Дзякуй! Адказалі на пытанні віктарыны «Як завуць Князь-возера?» і даведаліся, што так завуць Чырвонае возера. У сетцы філворда знайшлі назвы беларускіх азёраў, а з літар, якія засталіся, склалі слова-пароль: синеокая.
Сапраўдная экзотыка, цэлых два незвычайных возеры, Зялёнка і Сінька, ёсць ў рысе горада Гродна. Так званыя, беларускія Мальдывы. Азёры атрымалі свае назвы за колер вады. Для таго, каб убачыць усю прыгажосць азёр, сюды трэба прыязджаць у сонечнае надвор’е. І нягледзячы на ўсю прыгажосць, гэта звычайныя кар’еры, дзе раней здабывалі мел. Засталіся глыбокія катлаваны, якія напоўніліся грунтавымі водамі – і ўтварыліся вось такія азёры. Берагі вельмі стромкія, глыбіня вялікая – да 40 м. Сюды часта прыходзяць людзі як у месца адпачынку, асабліва ўлетку. Купацца забаронена, ёсць адпаведныя таблічкі. Вакол азёр і паміж імі – сімпатычны лес. Вучні разам з бацькамі наведваюць «беларускія Мальдывы», любуюцца іх незвычайнай прыгажосцю.
У 25 км на паўночны ўсход ад горада Гродна размешчана возера Белае. Адносіцца возера да басейна р. Пыранка, якая праходзіць праз возера. Мясцовасць пераважна пагорыстая, большай часткай парослая маляўнічым лесам, месцамі багністая. Берагі пераважна высокія, пяшчаныя, парослыя хмызняком і лесам, на поўдні нізкія, месцамі забалочаныя. У возера ўпадае р. Хамутоўка і тры раўчука, два з якіх злучаны з сістэмай меліярацыйных каналаў. На поўначы злучана пратокай з невялікім безназоўным возерам, на захадзе шырокай пратокай з возерам Зацкава, на поўдні шырокай пратокай з возерам Рыбніца. Праз возера, у межах вёскі Азёры, праходзіць па масце аўтамагістраль на г. Гродна. На берагах возера размешчаны летнія лагеры адпачынку для падлеткаў, турбаза, цэнтр аздараўлення «Азёрны». У возеры водзяцца шчупак, лешч, лінь, акунь, плотка, чырвонапёрка і іншая рыба. Забаронена выкарыстанне плывучых сродкаў з маторамі. Арганізавана платнае аматарскае рыбалоўства. У раёне возера сустракаюцца рэдкія расліны, занесенае ў Чырвоную кнігу Беларусі: зубніца клубненосная, лілея кучаравістая, гайнік цёмна-чырвоны, баранец звычайны. У раёне возера адзначана пасяленне рэдкай гадзюкі, занесенай ў Чырвоную кнігу Беларусі — слівень (не атрутны). Пляц люстэрка 5,3 км кв., даўжыня 10,3 км, найвялікая шырыня 1,1 км, максімальная глыбіня 6,9 м даўжыня берагавой лініі 27,1 км. Аб’ём вады 16,96 млн. м. куб., пляц вадазбору каля 270 км кв. На гэтым возеры штогод праводзяцца спаборніцтвы па зімовай лоўлі рыбы. Каманда свіслацкіх рыбаловаў з’яўляюцца актыўнымі яе ўдзельнікамі.
Каля нашай вёскі Свіслач ёсць штучныя азёры. У 5 км ад нас знаходзіцца Квасоўскае возера. Яно было створана ў 2000 годзе з мэтай гадоўлі рыбы і арганізацыі адпачынку жыхароў суседняй вёскі Квасоўка. Круглы год рыбакі з Квасоўкі, найблізкіх вёсак СВК «Кастрычнік-Гродна» і, нават горада Гродна, праводзяць час за любімым заняткам на берагах возера. На працягу некалькіх гадоў на прыазёрнай тэрыторыі праводзіліся масавыя гулянні, святы. Зараз гэта любімае месца адпачынку квасаўчан.
Праз нашу вёску Свіслач працякае аднаіменная рака Свіслач, якая з’яўляецца прытокам Нёмана. Даўжыня Свіслачы складае 121 км. Рака прымае 11 прытокаў. У 2009 годзе на рацэ Нёман пачалося будаўніцтва Гродзенскай ГЭС. У сувязі з гэтым была пачата падрыхтоўка да стварэння вадасховішча на Нёмане і Свіслачы. З гэтай мэтай берагі ракі Свіслач былі ачышчаны ад расліннасці, была адкарэкціравана іх вышыня: на правым беразе грунт быў зрэзаны, на левым было праведзена падсыпанне грунту. Берагі былі таксама ўмацаваны. Пачынаючы з 2011 года адбывалася паступовае падняцце ўзроўню вады ў рацэ Свіслач. У 2011 годзе ў межах вёскі Свіслач, з правага яе боку, на рацэ ўтварылася вадасховішча. Яго даўжыня складае каля 44 км. Плошча затаплення тэрыторыі дасягае больш за 2000 гектараў. Адбылося таксама пашырэнне рэчышча ракі. Цяпер яна дасягае 10-15 метраў. У раёне ўпадзення Свіслачы ў Нёман шырыня затопленых тэрыторый дасягае 1 км. Сярэдняя глыбіня вадасховішча складае 7 метраў, максімальная – 10 метраў. Працэс фарміравання вадаёма працягваецца. Экасістэма Свіслачы значна змянілася ў сувязі са стварэннем вадасховішча на яе тэрыторыі. Мікраклімат тэрыторыі стаў больш прахладным і вільготным, з’явіліся новыя віды птушак – чайкі, чаплі, дзікія качкі, лебядзі, новыя віды насякомых. У водах ракі рыбаловы-аматары ловяць шчупакоў. Акрамя таго, па берагах ракі селяцца бабры, андатры.
У 2012 годзе з левага боку вёскі Свіслач з’явілася яшчэ адно штучнае возера. Меліяратыўнымі службамі на месцы былых балот Белыя ямы, дзе здабывалі мел, і Чорныя ямы, дзе здабывалі торф, было створана вадасховішча плошчай 102 га. Вадасховішча арэндуецца СВК “Свіслач”. Мэта стварэння вадасховішча – ахова ўнікальных папуляцый відаў раслін і балотных жывёл, занесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь. Выкарыстоўваецца вадаём у асноўным для платнага аматарскага рыбалоўства. Тут ловяцца карась, лінь, карп, шчупак, акунь, белы амур, язь і іншая рыба. У сярэднім за дзень вадасховішча наведваюць 50-56 рыбаловаў. Рэкорд быў пастаўлены 3 ліпеня 2013 года – 147 чалавек. Сярэдняя вага вылаўленай рыбы ў дзень – 7 кг на чалавека. Тут ловяць рыбу як працаўнікі СВК, так і прыезжыя рыбаловы. Ловяць тут рыбу і зімой.
Спакон вякоў на тэрыторыі вёскі, у 50 км ад будынка школы, бруіць крынічка. Яшчэ ў даваенны час каля яе быў пабудаваны спіртзавод. Яму патрэбна была чыстая вада. Таму на глыбіні трох метраў была выкапана траншэя, туды заклалі гліняную трубу і накіравалі ў яе крынічны струмень. Струмень напаўняў сажалку, на беразе каторай і быў пабудаваны завод. Спіртзавод быў знішчаны немцамі у гады вайны. Вада ў сажалцы з таго часу пачала застойвацца. У 1980-я гады жыхары вёскі вырашылі ажывіць крынічку, а тэрыторыю вакол яе зрабіць зонай адпачынку. Тэрыторыя вакол крынічкі і сажалка былі ачышчана, пабудавана альтанка. Сёння шэфства над імі нясуць вучні Свіслацкай школы.
Прыгожае воднае люстэрка наваколля Свіслачы прываблівае аматараў водных відаў спорту і іншага адпачынку. Гаспадары аграсядзібы “Царскае Сяло” у Свіслачы плануюць развіццё водных прагулак на катамаранах і лодках. У праекце будаўніцтва канала для грэблі, будаўніцтва іншых турыстычных аб’ектаў. Але сёння вадасховішча больш прываблівае рыбаловаў-аматараў і шматлікіх птушак.
Берагі Свіслачы крутыя і ўмерана крутыя, складзены з пяску і торфу. Яны характарызуюцца ўстойлівасцю і адсутнасцю апоўзняў. Гэта абумоўлена наяўнасцю прыбрэжнай расліннасці. Асноўныя віды раслін, якія насяляюць раку Свіслач і яе берагі, гэта эладэя, раска, плывунец, стрэлаліст, рагоз, асака, гарлачык. Па берагах растуць вербы, лаза, вольха. Водныя расліны служаць кормам для жывёл, насяляючых раку і прылягаючую да яе тэрыторыю. Навісаючыя над ракой дрэвы ствараюць цень, які паніжае тэмпературу вады. Расліннасць ахоўвае берагі ракі ад разбурэння, а таксама паглынае шкодныя рэчывы з глебы, што скарачае іх паступленне ў раку. Багаты і жывёльны свет ракі Свіслач. Ён прадстаўлены наступнымі відамі рыб: карась, уклейка, пяскар, платва, акунь, галаўль, лінь, язь, шчупак, лешч, сазан. У затоках разводзяць карпаў. Акрамя таго, Свіслач – гэта раён пражывання баброў, андатраў. Па берагах сустракаецца шмат вужоў, лягушак, рапух, кратоў. Вясной, летам і восенню Свіслач насяляецца дзікімі качкамі, кулікамі, чайкамі. З’явіліся чаплі. Вясной на рацэ гняздуецца 100 лебядзей-шыпуноў. Цяпер Свіслач прываблівае і рэдкіх для Беларусі паўночных качак, чаек, крачак. У прыбрэжных хмызняках селяцца сініцы, малінаўкі. Часта сустракаюцца буслы. Асноўная крыніца жыўлення ракі Свіслач – атмасферныя ападкі, якія ў цёплы перыяд года сцякаюць непасрэдна пасля выпадзення, а ў халодны перыяд – назапашваюцца на паверхні ракі і сцякаюць пасля раставання снегу. Для рэжыма ракі характэрна вясновае палаводдзе, летняя і зімовая межань (найбольш нізкі ўзровень вады ў рацэ). Летам ўзровень вады можа падымацца ў выніку працяглых дажджоў, зімой – з-за адліг. Сярэдняя працягласць летняй межані – каля 190 дзён, зімовай – каля 85 дзён. Палаводдзе на Свіслачы, як і на іншых рэках басейна Нёмана, найбольш кароткае на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Яно працягваецца каля 30-50 дзён, часта суправаджаецца затапленнем поймы ракі. Шырыня разліву можа дасягаць 1,5-3 км. Глыбіня затаплення поймы складае 0,3-0,8 м. Аднак, у апошнія гады вясновае палаводдзе на Свіслачы не дасягае вышэй названых маштабаў, што выклікана маласнежнымі зімамі. Зімой рака замярзае на 80-140 дзён. Свіслач пачынае пакрывацца лёдам пры тэмпературы паветра ніжэй 0оС у сярэдзіне лістапада. Таўшчыня лёду можа складаць ад 22 да 57 см. У перыяд зімовых адліг на Свіслачы назіраюцца паводкі. Вясной назіраецца ледаход. 77 % рачнога сцёку прыходзіцца на вясну, гэта значыць, што пасля раставання снегу рака нясе ў Нёман найбольшую колькасць вады. З даўніх часоў Свіслач служыла транспартным шляхам, выкарыстоўвалася для рыбнай лоўлі. Цяпер рака выкарыстоўваецца ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Яна з’яўляецца водапрыёмнікам меліярацыйных сістэм, крыніцай вады на арашэнне, на пітное і тэхнічнае водазябеспячэнне. Берагі Свіслачы – месца здабычы глін і пясчана-гравійнага матэрыялу. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы выкарыстоўваюць узбярэжжы ракі для сенажацяў. Па берагах Свіслачы ствараюцца зоны адпачынку. Рака выкарыстоўваецца для аматарскага рыбалоўства.
Рэкі, азёры, вадасховішчы – важнейшыя багацці Беларусі. Сёння – гэта папулярныя месцы адпачынку, на іх берагах размешчана шмат санаторыяў, дзіцячых лагераў. Уліваюцца ў агульную экасістэму і наша рака Свіслач і вадасховішчы каля яе. Мы беражэм нашу Свіслач, каб захаваць яе такой жа прыгожай, маляўнічай, чыстай на многія гады.
Вучні 3-га класа і
Ганна Сяргееўна ГВАЗДОЎСКАЯ,
Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.