Сустрэча з лідскім краязнаўцам

Из нашей почты Новости

 

У шосты школьны дзень у рамках тыдня турызма і краязнаўства ў бібліятэцы лідскай школы № 11 адбылася прэзентацыя новай кнігі пісьменніка, лідскага краязнаўцы, выпускніка нашай школы Леаніда Лаўрэша «Iнстынкт пазнання. Нарысы з гiсторыi адукацыi ý горадзе Лiдзе».

Дарэчы гэту кніга аўтар прысвяціў роднай школе. Госць распавёў пра першую навучальную ўстанову ў горадзе, якая адчыніла свае дзверы для вучняў яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, пра гісторыю сучасных навучальных устаноў. Падзяліўся ўласнымі ўспамінамі пра родную школу і настаўнікаў. 

Напярэдадні 700-гадовага юбілею Ліды вучням было асабліва цікава даведацца пра малавядомыя факты з гісторыі горада, у тым ліку пра час заснавання, пра так званую «Ліду Нарбута», пра паходжанне назвы горада, пра гарадскія легенды і г. д. Л. Лаўрэш з задавальненнем падзяліўся цікавай інфармацыяй і эксклюзіўнымі фактамі.

Леанід Лаўрэш з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніг і артыкулаў, пры чым не толькі па гісторыі Лідчыны. А ў гэтым годзе ў серыі «Людзі культуры Гродзеншчыны» выйшла кніга доктара гістарычных навук, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святланы Марозавай, прысвечаная Леаніду Лаўрэшу.

Свае кнігі Л. Лаўрэш падарыў не толькі бібліятэцы і школьнаму музею, але і перадаў у дар іншым навучальным установам горада.

Тамара Іосіфаўна ЗЕНЮКЕВІЧ,

загадчык бібліятэкі,

г. Ліда, школа № 11.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *