Выхаванцы аздараўленчага лагера «Ладзеніцкія гарэзы» Ладзеніцкай базавай школы падчас падарожжа па Гродзенскім Панямонні наведалі Аўгустоўскі канал – штучны водны шлях, створаны ў ХІХ стагоддзі, які злучае Нёман з басейнам Віслы.
Хлопчыкі і дзўчынкі сталі відавочцамі таго, як судна можа плысці па розных узроўнях воднай паверхні, даведаліся, што такое шлюзы і для чаго яны выкарыстоўваюцца, і нават пракаціліся на цеплаходзе «Нёман».
На воднай паверхні можна было убачыць кветкі жоўтай кубышкі і белага гарлачыка, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Дзікія качкі плавалі цэлымі чародкамі. А белыя лебедзі падплывалі да самых бартоў цеплахода, даючы магчымасць падарожнікам палюбавацца іх велічнасцю і грацыяй.
На шлюзе Дамброўка выхаванцы наведалі музей гісторыі Аўгустоўскага канала, што злучае 7 прыродных азёр і 11 рэк на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Канал быў створаны, каб забяспечыць на поўначы – выхад да Балтыйскага, а на поўдні – да Чорнага мора. З’яўляецца помнікам гідратэхнічнага дойлідства.
Ірына Міхайлаўна ПІКТА,
дырэктар аздараўленчага лагера «Ладзеніцкія гарэзы»,
Навагрудскі раён, Ладзеніцкая базавая школа.