Нашы любімыя гульні

Из нашей почты Новости Онлайн-проект "Классный час с "Зорькой"

 

Лета — пара канікулаў, час цікавага і вясёлага адпачынку школьнікаў пасля працяглага навучальнага года. Гэта самая лепшая і незабыўная пара для развіцця творчых здольнасцяў і ўдасканалення магчымасцяў кожнага з нас, задавальнення індывідуальных інтарэсаў і запытаў.

Першы месяц канікулаў раскідаў нас па розных месцах адпачынку і забаў: двое наведваюць аздараўленчы прышкольны лагер, трое з’ехалі ў стацыянарны раённы лагер «Сузор’е», а астатнія, сямёра, адпачываюць дома з бабулямі і дзядулямі, братамі і сёстрамі. 

У прышкольным лагеры Аня Мастыкіна і Алёша Даражэй навучылі ўсіх дзяцей разгадваць філворды. Разам мы хутка знайшлі схаваныя назвы гульняў, тым больш, што большасць з іх нам знаёмыя і любімыя. Упершыню сустрэлі назвы такіх гульняў, як «звана» і «маўчанка». Дзякуючы сетцы Інтэрнэт пазнаёміліся з імі, а гульню «маўчанка» вельмі палюбілі і часта ў яе гуляем. З літар, якія засталіся, склалі назву гульні класікі, вельмі любімай нашымі дзяўчынкамі. Яшчэ ў лагеры мы малюем, размалёўваем, склейваем цацачныя фігуркі. На школьным стадыёне ці ў цені школьнай алеі гуляем у «ядомае – неядомае», «кракадзіл», «фанты» «даганялкі», «ланцугі», бадмінтон, гульні са скакалкай.

Музычныя ранішнія фіззарадкі, футбол, «твістэр», «мафія» – гэта самыя любімыя гульні ў лагеры, калі збіраемся ўсёй вялікай кампаніяй. Фіззарадкі зараджаюць бадзёрасцю, энергіяй і добрым настроем на цэлы дзень, футбол развівае дух і згуртаванасць усіх ігракоў каманды, «твістэр» навострывае спрыт рук і ног, каб утрымаць раўнавагу і не зваліцца, «мафія» дае магчымасць набыць шмат карысных і патрэбных навыкаў для далейшага жыцця, навучыцца разбірацца ў людзях, адстойваць свой пункт гледжання.

У любога чалавека маюцца ўласныя інтарэсы і здольнасці да чаго-небудзь. Карына Кавальчук – актывістка і самы лепшы арганізатар агульных спраў у нашым класе. Яна рызыкоўная, чалавечная і лёгкая на ўздым, ўмее арганізаваць і сагітаваць правядзенне любой гульні ці спаборніцтва.  У двары Карыны ёсць хатні батут. Дзяўчынкі-аднакласніцы і сяброўкі з іншых класаў любяць бавіць час у скоках на ім.

Але самай любімай нашай дваровай гульнёй з’яўляюцца хованкі. Гэта забава вельмі аб’ядноўвае. Увечары мы з сябрамі, а таксама астатнія дзеці з нашага двара, выходзім на вуліцу. Хто-небудзь вымаўляе лічылку па выбары чалавека, які будзе вадзіць, астатнія хаваюцца ў розных месцах і ціха сядзяць, непрыкметна. Гульня вельмі цікавая, і для таго, хто шукае, абягае вакол хат, зазірае ў пад’езды ці за дрэвы, пад лаўкі ці кусты, каб знайсці усіх ігракоў, і хутчэй пачаць хавацца самому. Нам падабаецца больш хавацца, таму што адчуваешь у нейкай меры адрэналін ад гульні, сэрца пачынае біцца хутчэй, а вядучы набліжаецца да таго месца, дзе ты схаваўся. Нам падабаецца гэта гульня і таму, што яна вельмі рухомая і прымае ў ёй удзел не адзін чалавек, а неабмежаваная колькасць і чым больш ігракоў, тым цікавей. У хованкі раней гулялі і нашы дзядулі з бабулямі, мамы з татамі, калі яны былі дзецьмі.

Дваровыя гульні садзейнічаюць умацаванню здароўя і развіццю фізічных якасцяў, развіццю далягляду і дапытлівасці, набыццю досведу зносін, узаемадзеянню і працы ў камандзе. Дваровыя гульні – гэта маса ўражанняў, выдатнага настрою.

Гульня вучыць нас не здавацца, не скісаць ад няўдач, дапамагае стаць спрытным, хуткім, кемлівым. Забавы з сябрамі на свежым паветры робяць нас здаровымі, як фізічна, так і маральна, дапамагаюць правільна арганізаваць наш вольны час.

Вучні 4-га класа і

Ганна Сяргееўна ГВАЗДОЎСКАЯ,

Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *