Комплексныя экспедыцыі па вывучэнню прыроднай і культурнай спадчыны малой радзімы ў вучняў Канюхоўскай школы прадаўжаюцца і на летніх канікулах.
Пад кіраўніцтвам Марыны Раманаўны Бурай, настаўніка біялогіі, зацікаўленага ў сваю справу педагога, былі выбраны аб’екты даследавання і складзены маршруты. Адзін з іх – на адлегласці прыкладна тры кіламетры ад школы, паміж вёскамі Грайна і Ярмолічы, дзе прырода засталася яшчэ не пераможанай чалавекам. Балота Грайна і пойма ракі Свіслач маюць міжнародны статус тэрыторыі важнай для птушак, гэта заказнік мясцовага значэння «Гарадзенская Свіслач». Кожнае падарожжа па экалагічнай сцежцы адкрывае для падлеткаў новыя таямніцы. І на гэты раз выхаванцаў чакала сустрэча з касуляй. Праўда, тая да сустрэчы не была гатова, хуценька шмыганула ў альховыя зараснікі. Удалося наведаць і валоданні бабра, наталіць смагу сцюдзёнай крынічнай вадой.
Заказнік «Гарадзенская Свіслач» – царства птушак: качкі, белыя чаплі, лебедзі і, вядома, буслы. Важна, што балота з’яўляецца адным з пяці найважнейшых месцаў гнездавання вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі.
Паглыбілі свае веды вучні і пра лекавыя расліны. Валяр’яна, трыпутнік, дзівасіл, хвошч… Многія з іх у ліпені якраз цвітуць. Выхаванцы навучыліся не толькі распазнаваць расліны, але і пачулі ад настаўніка цікавую і карысную інфармацыю пра іх лекавыя здольнасці. Напрыклад, цікава было даведацца, што валяр’яна ў перакладзе з лацінскай мовы абазначае «быць здаровым».
Экалагічная сцежка мае сем станцый: «Край родны вывучаем – задавальненне атрымліваем», «Сведкі ледніковага перыяду», «Знаёмства з лугам», «Старажытней за дыназаўраў», «У госці да баброў», «Аптэка на лузе», «Абарані, зберажы, захавай».
Сабраны падчас падарожжа матэрыял вучні плануюць выкарыстаць у новым навучальным годзе ў даследчай рабоце, накіраванай на вывучэнне прыроднай і культурнай спадчыны роднага краю і ахову навакольнага асяроддзя.
Дарэчы, выхаванцы Марыны Раманаўны Бурай і раней станавіліся пераможцамі раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Імкненне. Адкрыццё. Поспех», абласнога конкурсу даследчых работ «Празрыстыя воды Нарачы», абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі «Край Гарадзенскі», рэспубліканскай экалагічнай акцыі «Сцяжынкамі Бацькаўшчыны» і іншых.
Сёлета таксама сабраны багаты матэрыял. Але самае галоўнае – атрымана задавальненне ад часу, праведзенага на прыродзе, летняга сонейка, птушыных спеваў, водару лекавых траў і зёлак, смаку крынічнай вады малой радзімы. Гэтыя пачуцці застаюцца ў сэрцы назаўсёды.
Валянціна Мечыславаўна КУЛІСЕВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры,
Бераставіцкі раён, Канюхоўская школа.